З рахунку фонду зніклай спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай знялі грошы
З рахунка фонду «Białoruś Liberty», заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы, паведаміла крыніца Белсату у Міністэрстве замежных справаў Польшчы. Дзе знаходзіцца сама Анжаліка Мельнікава па-ранейшаму невядома.
Паводле крыніцы «Белсату» ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы, грошы з рахунку фонду Анжалікі Мельнікавай знялі. Ці Мельнікава сама гэта зрабіла і калі яна, то ці па сваёй волі, ці пад прымусам, невядома.

Як паведамлялася раней, на рахункі фонду «Białoruś Liberty», заснаванага Мельнікавай, былі пераведзеныя грошы для Каардынацыйнай рады і «Кіберпартызанаў». Паводле дамовы з донарам, КР не раскрывае звестак. Для «Кіберпартызанаў» былі пераведзеныя некалькі дзясяткаў тысяч долараў, доступу да рахунку ў «Кіберпартызанаў» няма.
Прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец расказала «Белсату»:
— Мы не можам дакладна сказаць, ці здымала Анжаліка нейкія грошы з рахунку фундацыі, бо не маем доступу да яго. Цяпер мы працуем над тым, каб атрымаць гэты доступ. Калі ён будзе атрыманы, зможам дакладна вызначыць, ці здымаліся грошы, колькі і калі. Апошні раз, калі мы правяралі рахунак, на ім былі толькі сродкі, звязаныя з праектамі «Кіберпартызанаў», і іх заставалася няшмат.
Выканаўца абавязкаў спікеркі КР Стася Гліннік сказала «Белсату», што такой інфармацыі ў КР не маюць.
Прэс-служба Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, кіраўнік якога Павел Латушка кантактуе з польскімі праваахоўнікамі ў справе знікнення Мельнікавай, пракаментавала «Белсату»:
— Мы не маем дачынення да гэтага фонду. Мы не ведаем, дзе, калі і якая сума была знятая, а таксама чые гэта былі грошы. У нас няма інфармацыі, якая магла б дапамагчы растлумачыць гэтыя пытанні. Таксама нам не паступала ніякай афіцыйнай інфармацыі ад праваахоўнікаў па гэтым пытанні.
Фонд «Białoruś Liberty» тым часам змяніў кіраўніка: з 9 красавіка старшынём стаў Віталь Пацехін, былы вайсковец, якога ў Беларусі завочна асудзілі паводле абвінавачвання ў атацы дрона на базу АМАП. Прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец пацвердзіла «Белсату», што прызначыла яго кіраваць фондам.
Вядома, што 13 сакавіка з Google-акаўнту Мельнікавай былі спампаваныя файлы, звязаныя з ейнай дзейнасцю ў якасці спікеркі КР. 19 сакавіка ў гэты акаўнт заходзілі з беларускага IP-адрасу і з тэлефона Мельнікавай, якім яна карысталася для ўваходу ў акаўнт з пачатку працы спікеркай. Каардынацыйная Рада запэўнівае, што крытычных звестак там не было: як казала Гліннік, «гэта былі ўсе працоўныя дакументы, да якіх мела дачыненне Анжаліка, усе даклады, тэксты, інтэрв’ю, стратэгічны план, бюджэт Каардынацыйнай рады, які планаваўся».
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла тры тыдні таму. Паводле польскіх праваахоўнікаў, яна пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага, паляцела ў Лондан. Расследаванне яе знікнення трывае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное