Юрась Зянковіч расказаў, як з ім у СІЗА запісвалі «інтэрв’ю», якое мусіла «спадабацца дзеду»

Турэмнае закуліссе лукашэнкаўскай прапаганды.

Былы палітвязень Юрась Зянковіч расказаў у чарговым выпуску канала ТОК пра тое, як з ім запісвалі першае інтэрв’ю ў СІЗА КДБ.

Па яго словах, у Мінск  з магілёўскай турмы яго прывезлі ў верасні 2024-га. Там кіраўнік следчай групы падпалкоўнік Акуліч паведаміў яму пра пачатак «працэсу вызвалення», першай умовай для якога і мусілі стаць здымкі для прапаганды.

Зянковіч  расказаў, што следчы паставіў перад ім красамоўную задачу. Маўляў, гаварыць трэба максімальна проста, бо гэта павінна «зайсці бабульцы з вёскі і дзеду».

«Дзед будзе глядзець асабіста. І калі яму гэта спадабаецца, то хутка вы будзеце вольныя».

Па словам былога вязня, здымкі давялося адкласці на пэўны час з-за таго, што ён выглядаў моцна схуднелым:

— Следчы быў крышачку шакіраваны маім выглядам. Я сказаў, што не думаю, што гэта добрая ідэя мяне здымаць — таму што вы прайграеце прапагандысцкую кампанію проста па факце таго, як я з’яўлюся на экране.

Наступныя дні вязень адкормліваўся, як  пазней расказаў у адным з першых інтэрв’ю па вызваленні, за кошт іншых вязняў «амерыканкі». 

У дзень здымак з ім размаўляў прапагандыст, аўтар «інтэрв’ю». Ён агучыў спіс таго, што Зянковіч  мусіў сказаць на камнру. Фактычна, яму прапаноўвалася агаварыць сябе і калегаў па сфабрыкаванай справе:

— У прыватнасці, было сказана пацвердзіць, што мы сапраўды рыхтавалі замах асабіста на Лукашэнку і ягоных дзяцей.

Таксама ён мусіў агучыць, што фігуранты справы «сапраўды планавалі здзейсніць дзяржаўны пераварот».

— Што мы такія подлыя, што хацелі, каб краіна пачала рухацца ў бок НАТА. І было сказана, што мы павінны агучыць, што толькі дзякуючы Лукашэнку Беларусь не патрапіла ў вайну.

Нагадаем, што падобныя інтэрв’ю ў СІЗА КДБ былі запісаныя са зняволенымі супрацоўнікамі Радыё Свабода Ігарам Карнеем, Андрэем Кузьнечыкам і Ігарам Лосікам. Яны былі апублікаваныя ў студзені гэтага года. Кузьнечык неўзабаве выйшаў на волю, а ягоныя калегі засталіся за кратамі яшчэ на паўгода.