Што да зменаў, якія адбыліся ў беларусах — я ўбачыў іх яшчэ ў 2020 годзе. Стала зразумела, што ў краіны дакладна ёсць будучыня, што ў нацыі ёсць стрыжань, ёсць лідары, ёсць моц, якая дазволіць рухацца наперад, змятаць усе перашкоды і дабівацца свайго — нам усім.
Яўген Афнагель: «Мы вернемся ў Беларусь, і мы вернем Беларусь у Еўропу»
«Салідарнасць» пагутарыла з вызваленым актывістам пра першыя эмоцыі пасля вызвалення, чалавечнасць за кратамі і чаму зараз хочацца ўсміхацца. А таксама – як змяніліся беларусы, чаго баіцца рэжым і калі Беларусь будзе вольнай.
Каардынатару «Еўрапейскай Беларусі», аднаму са стваральнікаў руху «Зубр» Яўгену Афнагелю пасля падзей 2010 года давялося некалькі год пражыць у эміграцыі. Ён згадвае, як гуляў па Вільні з вялікім маламутам, якога мінакі ці то жартам, ці то ўсур’ёз называлі «ваўком» (а адзін з сімвалаў Вільні — акурат воўк)
Сёння Яўген зноў у Вільні, але ўмовы зусім іншыя. Амаль пяць год ён правёў у зняволенні, а днямі быў прымусова дэпартаваны з краіны разам з яшчэ 50 палітвязнямі. У яго аднялі пашпарт і магчымасць вярнуцца, але не змаглі адняць ані фірмовую ўсмешку, ані ўнутраную моц, ані веру ў беларусаў і лепшую будучыню Беларусі.
— Трэба называць рэчы сваімі словамі: гэта не проста дэпартацыя, не проста канфіскацыя пашпарту — гэта спроба пазбавіць грамадзянства, — ацэньвае Яўген «гуманістычны» крок рэжыму. — Але ж радзімы яны пазбавіць не могуць: Беларусь — яна ў сэрцы, яна ў душы. Мы будзем змагацца і за вяртанне на радзіму — не дачакаюцца!
«Адчуць ваш настрой і салідарнасць — самае крутое і самае класнае»
— Як вы, ці атрымалася хаця б выспацца?
— На шчасце, пакуль не атрымалася. Чаму «на шчасце» — бо вельмі шмат людзей, сустрэч, размоў з сябрамі, роднымі. І гэта класна. Але ўсё наперадзе, час ёсць. Дый у турме выспаўся — на жаль, магчымасцяў для гэтага было больш.
Першыя эмоцыі — вялікая радасць ад таго, што бачу і чую жонку, маму, блізкіх, сяброў, беларусаў. Бачу неверагодную салідарнасць і падтрымку. І, безумоўна, яшчэ адно пачуццё: вялікая ўдзячнасць.
— Амаль пяць год вы правялі за кратамі (актывіста затрымалі ў верасні 2020-га, лукашэнкаўскае «правасуддзе» прызначыла яму 7 год калоніі, а потым і турмы строгага рэжыму, — С.) і ўсяго некалькі дзён як на волі. Наколькі моцны кантраст, па адчуваннях, як змяніліся беларусы?
— Ведаеце, з СІЗА КДБ у бок мяжы нас вязлі ўжо «ветліва», без мяхоў на галаве, то крыху ўбачылі Мінск. Горад моцна змяніўся, стаў такі прыгнечаны. Раніца, здавалася б, усе ідуць на працу, мусіць быць шмат людзей на праспекце — але не, на вуліцы амаль пуста.
Зараз гэты настрой дзесьці прыхаваны, таму што краіна жыве пад акупацыяй, у нашмат больш моцнай дыктатуры, чым была тады. Але прычына вельмі простая: улады проста баяцца гэтай моцы, новай энергіі, якая назапашвалася доўгія дзесяцігоддзі і праявіла сябе ў 2020 годзе. І яна не знікла.
— На многіх вызваленых балюча глядзець, відавочна, што стан здароўя людзей пагоршыўся. Ведаю, што ў вас таксама ў турме сапсаваўся зрок.
— Так, пагоршыўся, але збольшага, як на мяне, усё ў парадку. Скардзіцца на здароўе падстаў няма. Зноў жа, не дачакаюцца. А паступова, спадзяюся, удасца аднавіцца.
Тым больш, кожны беларус, калі прыязджае ў Вільню, літаральна за пару дзён знаходзіць крыніцы для аднаўлення сіл — бо тут такая энергетыка, ад Каліноўскага да стваральнікаў БНР, змагароў за незалежнасць розных часоў, што ад яе сілкуешся і ўзмацняешся.
— А ў вас ёсць такая асабістая крыніца ў Вільні, месца, дзе пачуваецеся найлепш?
— Напэўна, скажу банальнае: гэта старая Вільня, дзе шмат беларускіх мясцінаў. Мы гулялі днямі з сябрамі каля Вострай брамы, ля вежы Гедыміна, недалёка ад гімназіі, дзе вучылася Наталля Арсеннева — усюды ёсць месцы, звязаныя з нашай супольнай гісторыяй, гісторыяй змагання за незалежнасць і Літвы, і Беларусі.

Дарэчы, карыстаючыся момантам, хачу вельмі падзякаваць Літве за гасціннасць і за тое, што яны займаюць вельмі прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, агулам адэкватна ацэньваюць сітуацыю, якая склалася, і прымаюць адпавпедныя захады.
— Наш калега Павел Мажэйка распавядаў, што ў яго была вялікая мара — пакаштаваць нарэшце не турэмнай ежы, а кавалак піцы. Ці была ў вас нейкая мроя, што хацелася зрабіць на волі, і ці атрымалася яе здзейсніць?
— Менавіта такіх мрой, каб з’есці нешта асаблівае ці выпіць кавы, не было. Быў, хутчэй, прагноз, які спраўдзіўся. Прыблізна ў сярэдзіны лета складвалася адчуванне, што нас могуць выкінуць за мяжу, і было разуменне, што першы горад, які я ўбачу, будзе Вільня. Так і адбылося.
Для мяне галоўнае — гэта людзі, якія змагаліся за нас у той час, як мы сядзелі. Нашыя родныя, блізкія і сябры. Вось з імі вельмі хацелася ўбачыцца — і гэта спраўдзілася. Убачыў і сяброў з «Еўрапейскай Беларусі», і журналістаў медыя, якія пісалі пра нас (дзякуй вялікі, што трымалі гэтую тэму — мы праз пэўныя крыніцы нават за кратамі пра гэта ведалі).
Убачыць, як вас шмат, адчуць ваш настрой і салідарнасць — самае крутое і самае класнае.
«Рэжым разумее: не ты адзін, яму супрацьстаіць цэлы свет. І іх гэта пужае»
За пяць год Яўген прайшоў праз СІЗА, ПК у Наваполацку і турму ў Магілёве, ШІЗА, ПКТ, яго пазбаўлялі спатканняў і тэлефанаванняў родным, абмяжоўвалі «атаварку» — словам, «поўны набор» палітвязня. Але згадваючы ўмовы ўтрымання, суразмоўца «Салідарнасці» правёў паралелі з падзеямі вакол Беларусі ў свеце за гэты час, і зрабіў выснову:
— Узмацняецца ціск з Захаду, узмацняюцца акцыі салідарнасці, уводзяцца больш жорсткія санкцыі — у доўгатэрміновай перспектыве палітычным лепш. Што б там ні казалі ўлады, як бы ні спрабавалі зрабіць выгляд, што гэта наадварот, як бы ні маніпулявалі — але калі за цябе змагаюцца, рэжым разумее: не ты адзін, не дзесяць і не сто чалавек яму супрацьстаяць, а супрацьстаіць цэлы свет. І іх гэта пужае.
Былы палітзняволены згадвае, як суправаджальнікі-«маскі» хуценька павыскоквалі з аўтобуса на мяжы — «ці мала што здарыцца, раптам хто зробіць крок на тэрыторыю ЕС», кпіць ён.
Тое самае, дадае Яўген, датычыць лістоў салідарнасці. Так, многім «палітычным» абмяжоўваюць перапіску нават з роднымі, знішчаюць і не аддаюць паведамленні — але нават калі лісты не даходзяць да атрымальніка, пра іх колькасць ведаюць аператыўнікі, цэнзары, начальнік турмы. Тады пераканаць вязняў, што «на іх усе забыліся», вельмі складана.
— Яны ж не дурні, яны ўсе, ад шараговага міліцыянта да начальніка, задумваюцца пра будучыню. Ведаюць з матэрыялаў у медыя, разважаюць пра тое, што іх можа чакаць. І рэагуюць на гэта, стараюцца дзесьці «падсцяліць саломкі». Тады нам лепш.
Акрамя такіх перыядычных паслабленняў, гаворыць Яўген, ён бачыў і нямала выпадкаў нармальнага чалавечага стаўлення. Нават супрацоўнікі вязніцы маглі паціснуць руку, прабачыцца — а то і сказаць «Жыве Беларусь!».
Аднойчы «палітычны» хлопец папрасіў мяне напісаць яму словы «Пагоні» Багдановіча. Гэта было недзе прыканцы 2021 года. Але адзін кантралёр гэта заўважыў. І мы разумеем: усё, рапарт, ШІЗА. А ён… прачытаў і перадаў аркуш таму хлопцу.
Дзесцьі, канешне, такое стаўленне было прадыктавана страхам за будучыню, дзесьці — простымі чалавечымі эмоцыямі, але тое неістотна. Важна, што гэта ёсць і за кратамі.
— Помніце, як даведаліся пра пачатак вайны ва Украіне? Як гэта паўплывала на настрой вязняў і турэмшчыкаў?
— Калі пачалася вайна, я сядзеў у ШІЗА і рыхтаваўся да крытай турмы. Навіны прынёс адзін з новенькіх хлопцаў, якога адправілі ў штрафны ізалятар. Але збольшага было і раней усё зразумела: мы бачылі інфармацыйную «накачку», паведамленні пра тое, што больш войскаў на вучэннях, заявы з расейскага боку «мы не рыхтуемся да вайны».
Што да настрою, быў такі цікавы момант. Адзін з ахоўнікаў у Наваполацку, такі «рускаміравец», прыхільнік Пуціна, на маё пытанне, што там у свеце робіцца, адказаў: маўляў, усё нармальна, «нашы наступаюць, хутка Кіеў возьмем».
А праз два гады я зноў трапіў у ПКТ — змены тыя ж самыя, людзі — убачыў таго ахоўніка і пытаюся, ну як сітуацыя, што там. Адказвае: маўляў, нармальна, наступаем, хутка возьмем — праўда, ужо не Кіеў, а Адэсу. Я здзівіўся: «Так два гады таму вы казалі, Кіеў возьмеце?». Ён уздыхнуў, задумаўся, мо сапраўды ўзгадаў, што гаварыў: «Ай, адчапіся, усё будзе добра».
— Некалькі дзён народзінаў вы сустракалі ў няволі. Ці пранікала за краты хоць нейкае адчуванне свята?
— Мы самі яго стваралі. Канешне, адзначалі народзіны, Новы год, але таксама і нацыянальныя беларускія святы — наколькі гэта было магчыма: Дзень Волі, Дзень аднаўлення незалежнасці (27 ліпеня), Дзень беларускай вайсковай славы.
Ну, можа , «адзначалі» — занадта гучна сказаў. Але нават проста пасядзець разам, папіць гарбату, каву з добрай нагоды, распавесці іншым вязням, непалітычным, якія не надта і ведаюць пра гэта, гісторыю — гэта ўсё стварала атмасферу свята. Таму адчуванне яго можна стварыць дзе заўгодна, і ў турме, і на волі — залежыць ад людзей. Здаецца, у нас нешта атрымоўвалася.
«Беларусь будзе свабоднай і незалежнай, будзе еўрапейскай краінай»
Самым цяжкім момантам у няволі для Яўгена сталі звесткі пра смерць блізкіх. За гэты час памёр яго тата, пайшлі з жыцця жончыны бацькі — развітацца з імі, нават наведаць могілкі з вядомых прычын не атрымалася…
А вось стасункі з роднымі, па тэлефоне ці праз ліставанне, дадавалі сіл і светлых эмоцый:
— Кожны ліст ад жонкі ці ад мамы, размовы з імі, добрыя навіны, якія прарываліся праз фармацыйную блакаду — гэта было маленькае свята.

Падаецца, увесь гэты пазітыў наш суразмоўца дзіўным чынам акумуляваў і пранёс праз пяць год. Яўген усміхаецца, жартуе, што трэба зноў адрошчваць бараду, каб знаёмыя пазнавалі. Чакае на ўз’яднанне з роднымі. Чытае шмат навін, прызвычайваецца карыстацца Chat GPT і запісваць колцы ў Тэлеграме (хоць тое, што Skype перастаў існаваць і захаваныя ў памяці кантакты цяпер бескарысныя, прызнаецца, стала шокам).
Але, бадай, галоўнае: актывіст нацэлены на тое, каб працягваць працу дзеля свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.
— Пасля 2010 года ў вас ужо быў досвед эміграцыі, але тады былі зусім іншыя абставіны. Цяпер якія думкі і пачуцці, ці ёсць спадзеў на лепшае?
— Пасля 2020 году гэта не спадзеў, гэта ўпэўненасць. Я ведаю, што будзе ўсё ў парадку.
Мы праходзім той жа шлях, які ў свой час прайшлі Польшча, Чэхія, краіны Балтыі, уся Усходняя Еўропа. Хтосьці прайшоў яго хутчэй, хтосьці марудней, са сваімі адметнасцямі, але і шмат агульнага. Гэта як формула: ты падстаўляеш у яе розныя ўводныя, але яна працуе — і ў рэшце рэшт, прыводзіць да лагічнага выніку, да свабоды.
Таму ў мяне не спадзевы, але веды. Я ведаю, што Беларусь будзе свабоднай і незалежнай, будзе еўрапейскай краінай у складзе Еўрапейскага саюза (а зараз, мяркую, зразумела, што Беларусь павінна быць і ў НАТА). І ў гэтых мэтах няма спрэчак паміж тымі беларусамі, якія адэкватна ацэньваюць сітуацыю.
А наколькі хутка гэта адбудзецца, залежыць ад нас саміх. Я ведаю, што ў нас атрымаецца: мы вернемся ў Беларусь, і мы вернем Беларусь у Еўропу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное