Филин

Юлія Кот

Украінскі аналітык: «Мы маглі б дастукацца да еўрапейцаў, каб тыя болей дапамагалі і Украіне, і беларусам»

Даследчык Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Яраслаў Чарнагор у гутарцы з Филином — пра збліжэнне афіцыйнага Кіева з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і дзеянні рэжыму Лукашэнкі.

Апошнім часам адбылося заўважнае збліжэнне ўкраінскіх уладаў і беларускіх дэмакратычных сіл. Неўзабаве чакаецца візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў і прызначэнне па даручэнні прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага спецпасланніка па Беларусі. Нават дзіўна, што афіцыйны Мінск гэта праглынуў і ніяк не адрэагаваў. Ці адрэагаваў?

Бягучы стан і перспектывы беларуска-ўкраінскіх стасункаў Филин абмеркаваў з украінскім даследчыкам, дырэктарам праграмы расійскіх і беларускіх даследаванняў аналітычнага цэнтру «Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма» Яраславам Чарнагорам. (Дарэчы, спадар Яраслаў, як адзін з арганізатараў беларуска-ўкраінскага форуму імя Астрожскіх, нядаўна быў уганараваны медалём АПК «За плённую працу на карысць Беларусі» — Ф.)

Яраслаў Чарнагор на форуме імя Астрожскіх. Фота з асабістага архіву аналітыка

— Як вы лічыце, ці не маглі нядаўнія заявы Лукашэнкі пра развіццё вытворчасці «сваіх боепрыпасаў» быць ускосным адказам Зяленскаму: маўляў, не хочаце з намі сябраваць, будзем узмацняць абарону?

—  На маю думку, на гэта ўсё варта паглядзець крыху з іншага боку. З кастрычніка 2022 года, калі перасталі ісці войскі і ляцець самалёты і ракеты з тэрыторыі Беларусі па Украіне, то ўсталяваўся, так бы мовіць, узаемны маўклівы нейтралітэт.

— Узброены да зубоў.

— Так. Але Украіна практычна не звяртала ўвагі на дзеянні Лукашэнкі, каб захаваць умоўны спакой. Так, былі заявы МЗС, адкліканне пасла з Беларусі, але ў той жа час не адбывалася збліжэння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Мяркую, адной з прычын абранай стратэгіі была засцярога, каб Беларусь не ўступіла ў паўнавартасную вайну.

Але за амаль чатыры гады Лукашэнка зрабіў усё, каб гэты нейтралітэт зменшыць да мінімуму.

І збліжэнне афіцыйнага Кіева з беларускімі дэмсіламі — акурат наступства той палітыкі, якую вядзе рэжым Лукашэнкі (прыгадаем хоць размяшчэнне «Арэшніка», расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі).

На думку аналітыка, цяпер Кіеў ужо не аглядваецца на рыторыку і паводзіны Лукашэнкі. Бо той першым зрабіў крокі, што падштурхнулі ўкраінскую адміністрацыю да кантактаў з беларускай апазіцыяй.

— Тое, што многія беларускія вытворцы працуюць на расійскі ВПК, а цяпер яшчэ будуць вырабляць боепрыпасы — ці не малюе гэта дадатковыя мішэні, законныя цэлі для ЗСУ? Ці ўсё ж Украіна не пойдзе на такое абвастрэнне?

— Я не гатовы сказаць, ці стануць у найбліжэйшы час беларускія прадпрыемствы ВПК законнымі цэлямі. Аднак калі будзе дакладна ўсталяваная прыналежнасць тых ці іншых боепрыпасаў, калі пад Мінскам, як заяўляў Лукашэнка ў мінулым годзе, паўстане вялікі завод па вытворчасці дронаў…

Украінскія эксперты адсочваюць гэтыя працэсы, мы пішам аналітычныя даведкі для МЗС, для Офісу прэзідэнта і ўказваем на небяспекі, якія стварае рэжым Лукашэнкі для Украіны.

Калі крытычная мяжа будзе пераадолена, калі не толькі Украіна, але і нашыя заходнія партнёры выразна ўбачаць, што рэжым Лукашэнкі цалкам, і ў ваенным сэнсе, падпарадкоўваецца Пуціну і ўцягвае Беларусь у паўнавартасную вайну — то я не выключаў бы магчымасці нанясення ўдараў вы пытворчасцях.

Што да далейшага збліжэння і супрацы Украіны з беларускімі дэмсіламі, Яраслаў Чарнагор нагадвае, што гэта не адбываецца раптоўна і толькі ў піку Мінску.

— Мы працуем над гэтым ужо колькі год, — зазначае суразмоўнік «Филина». — У прыватнасці, былі праведзеныя ўжо чатыры штогадовыя экспертныя беларуска-ўкраінскія форумы Астрожскіх. Сёлета таксама запланавана яго зладзіць. А ў сакавіку — дарэчы, акурат 25 сакавіка, на Дзень Волі — плануем правесці рэгіянальны форум па бяспецы «Шлях да Волі».

Таму для нас, для экспертнай супольнасці, нічога дзіўнага ў супрацы няма — мы спрадвечныя саюзнікі. Тое, што афіцыйная ўлада паводзілася досыць асцярожна і не адбывалася ўзаемных сустрэч паміж Ціханоўскай і Зяленскім — так, але ж кантакты былі.

У Кіеў неаднаразова прыязджалі Павел Латушка, Франак Вячорка, Анатоль Лябедзька, дэлегацыі АПК і КР. Усе мы добра ведаем пра беларускіх добраахвотнікаў і валанцёраў, наогул, беларуская супольнасць ва Украіне немалая і актыўная.

Таму гэтае збліжэнне — натуральны працэс. А Лукашэнка сам супрацьпаставіў сябе і ўласнаму народу, і Украіне.

— Якія ў вас чаканні ад будучага візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў?

— Тут ёсць і чаканні, і пэўныя засцярогі. Вельмі хацелася б, каб гэты першы візіт быў падрыхтаваны належным чынам і меў плён, а не адбыўся візіт дзеля ўласна факту паездкі ў Кіеў.

Бо ў нас ёсць багата пытанняў, якія патрабуюць вырашэнняў. І беларусам ва Украіне патрэбная падтрымка, якой магла б паспрыяць, не толькі сімвалічна, Святлана Ціханоўская. І, вядома, мы б хацелі, каб беларускія дэмсілы былі надзейным партнёрам Украіны, у тым ліку на міжнародным узроўні.

Каб наш голас быў агульным, і супольнымі намаганнямі мы маглі б дастукацца да еўрапейцаў, — каб тыя болей дапамагалі Украіне і адначасова дапамагалі беларусам.

Не толькі грантамі, сімвалічнай падтрымкай, але і рэальнай: праз санкцыі, ціск на рэжым Лукашэнкі, спрыянне вызваленню палітвязняў, абмежаванне эканамічных магчымасцяў беларускіх уладаў, не толькі ў галіне ВПК.

То бок, важных пытанняў, якія мы супольна маглі б вырашыць, насамрэч нямала. І я спадзяюся, што гэты візіт будзе выніковым, і з украінскага боку будзе прызначаны спецпрадстаўнік і прынятая стратэгія па ўзаемадзеянні з беларускімі дэмсіламі.

А магчыма, зменіцца пазіцыя і датычна афіцыйнага Мінска — на мой погляд, пытанне з тымі ж дыпламатычнымі стасункамі трэба вырашаць кардынальна.