«У калоніі на прамзоне грузавыя вазы замест коней цягалі людзі, як у кнізе Салжаніцына пра савецкія лагеры»
Былы палітвязень — пра сваё зняволенне.

Дальнабойнік з Мінску Аляксандр Юруць пасля сталічнага канцэрту на дзень Волі ў 2018 годзе моцна захапіўся нацыянальнай культурай і пачаў размаўляць па-беларуску. У 2020 годзе мінчук актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. А з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і збіраўся ўступіць у полк Каліноўскага.
Сілавікі затрымалі Аляксандра ў 2022 годзе разам з жонкай і да крыві збівалі яго па твары ў аддзяленні ГУБАЗіК. Палітвязень на два гады патрапіў у калонію, а пасля адбыцця тэрміна з’ехаў з краіны.
Аляксандр распавёў Вясне, як захапіўся беларушчынай і ўдзельнічаў у Курапацкай варце, як разам з калегамі дэсантнікамі ўдзельнічаў у пратэстах, як перастаў размаўляць з бацькам-лукашыстам. А таксама пра тое, як жонка палітвязня закахалася ў ахоўніка Валадаркі і сышла ад Аляксандра, пакуль той быў у няволі.
Аляксандр распавядае, што да 2018 года быў даволі памяркоўным. У тым годзе ён патрапіў у Мінску на вялікі канцэрт з нагоды 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі.
— На канцэрце людзі выглядалі вельмі шчаслівымі. Пачуў, што там усе размаўлялі па-беларуску. Пасля я задаў сабе пытанне: чаму я беларус і не размаўляю на сваёй мове. Тады я зразумеў, што мой сцяг не чырвона-зялёны, а бел-чырвона-белы.
Каб вывучаць беларускую мову, я пачаў глядзець Белсат і Радыё Свабоду, пісаў каментары па-беларуску. Больш за ўсё мяне тады ўражвала, калі цёткі ў краме мне адказвалі: «Ой, не понимаю я твой беларуский». Гэта проста як нажом па сэрцы.
Суразмоўца кажа, што пачаў прымаць удзел у Курапацкай варце. Там ён пазнаёміўся са Змітром Дашкеічам, Дзянісам Урбановічам і Паўлам Севярынцам.
— Пасля таго канцэрта я выпадкова даведаўся пра Курапаты і пра варту. Прыехаў да іх. Памятаю, абаронцы спачатку падумалі, што я іду ў рэстарацыю побач.
З цягам часу Аляксандр адчуў, што праблемы ягонай краіны закранаюць і яго самаго.
— Гэта адсутнасць свабоды слова. Таксама пытанні беларускай мовы і культуры, якія ў нашай краіне не папулярызуюць. Я як звычайны беларус хацеў, каб у нас адраджалі нацыянальную свядомасць.
Аляксандр ездзіў дальнабойнікам па Еўропе і марыў, каб у Беларусі не было межаў з заходнімі суседзямі, эканоміка развівалася ў еўрапейскім кірунку і краіна не была залежнай ад Расіі, распавядае былы палітвязень.
У 2020 годзе Аляксандр праглядаў у інтэрнэце шмат матэрыялаў пра рэвалюцыю ва Украіне, параўноўваючы яе з сітуацыяй у Беларусі.
— Я тады зразумеў, што ў нас такі ж самы рэжым, як ва Украіне, а ўсе гэтыя мянты ім замбаваныя. І таму, калі збіраўся ісці на рэвалюцыю, то разглядаў для сябе толькі радыкальны сцэнар. Іначай у Беларусі ніякіх зменаў не адбудзецца.
Як кажа суразмоўца, ён пачаў загадзя рыхтавацца: набыў тактычныя пальчаткі, пярцовы балон, электрашокер, а таксама паклаў у заплечнік тры камяні. Аляксандр спадзяваўся, што пратэстоўцы будуць ставіць намёты, таму таксама захапіў з сабою ежу.
— На акцыі 9 жніўня 2020 года на Стэле я далучыўся ў счэпку да іншых радыкальна настроеных хлопцаў. Агулам нас было каля 20 чалавек. Але неўзабаве людзі ззаду пачалі нам крычаць, што мы правакатары. Я кажу, якія мы правакатары. Я прыйшоў сюды, каб змагацца. І вось мы з хлопцамі стаім, я аглядаюся, а за намі амаль ужо нікога няма.
Былы палітвязень распавядае, што быў адным з тых, хто спрабаваў зламаць вадамёт, які сілавікі выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў у 2020 годзе.
— Гляджу, хлопцы пабеглі на вадамёт, то і я не стаў стаяць убаку. Пад руку патрапіла нейкая металічная труба, дык я і па фарах добра паляпаў, і па кабіне, і люстэрка пабіў.
Найбольш суразмоўца запомніў Марш 16 жніўня 2020 года, калі на вуліцу выйшла найвялікшая колькасць людзей. Аляксандр служыў у Брэсце ў штурмавым батальёне 38 брыгады ВДВ. Таму на тую акцыю мужчына ўзяў з сабою цяльняшку і вайсковы берэт.
— Як пабачыў на акцыі сваіх, адразу пераапрануўся ў цяльняшку і берэт. І мы разам з іншымі вайскоўцамі рушылі ў калоне «ВДВ з народам». Каля будынку парламента Някляеў чытаў вершы, а мы з хлопцамі прыкрывалі тыл. Мы хацелі паказаць, што дэсантура супраць дыктатуры. Хтосьці выказваў нам падзяку. Для мяне гэта было сапраўднае свята.
«Мой бацька — лукашыст на ўсю галаву»
Па сканчэнні пратэснай акцыі Аляксандр не спадзяваўся, што да іх далучацца іншыя вайскоўцы. Ён толькі думаў, як будуць разыходзіцца пратэстоўцы і як іх будуць затрымліваць, распавядае суразмоўца.
— У нас з хлопцамі галовы былі на 360 градусаў, з якога боку чакаць небяспекі. Але на здзіўленне ў той дзень усё скончылася бяспечна.
Я лічу, што той дзень быў пераломным момантам. Тады лукашысты пабачылі, што вольныя людзі ні на што не здольныя, і пачалі помсціць і кожнага і кожную рэпрэсаваць, — дзеліцца сваім меркаваннем Аляксандр.
У канцы 2020 года, калі колькасць пратэстаў у Беларусі зменшылася, а ўлады масава затрымлівалі нязгодных, Аляксандр заўважыў, што ў ягонай сям’і адбылося раз’яднанне.
— Аказалася, што маці моўчкі падтрымлівае вольную Беларусь, а бацька — заўзяты лукашыст на ўсю галаву, які ўсё жыццё правёў перад тэлевізарам. Ён некалькі разоў называў мяне фашыстам.
Калі я апынуўся за кратамі, жонка перадала мне просьбу бацькоў, каб я ім не дасылаў ніякіх лістоў. Як выйшаў на волю, кажу бацьку: «Бачыш, што твой Лукашэнка зрабіў?». Але для яго я ўсё адно вінаваты. Цяпер я з гэтым чалавек не маю ніякіх стасункаў.
На Дзень Волі затрымалі на мяжы за бчб-сцяг
Пасля ўдзелу ў акцыях пратэсту Аляксандр працягваў працаваць дальнабойнікам і ездзіць у краіны ЕС. На лабавым шкле ягонага грузавіка вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Па вяртанні з чарговага рэйса, 25 сакавіка 2021 года, на польска-беларускай мяжы яго затрымалі беларускія сілавікі.
— Мяне затрымлівалі супрацоўнікі мясцовага РАУСа ў чорных масках. Для мяне тады яшчэ было невідавочна, што ў Беларусі так актыўна затрымліваюць за нацыянальную сімволіку. Да гэтага я ўвесь час ездзіў праз мяжу з сімволікай. У мяне тады была цішотка з «Пагоняй», таксама вокладка на пашпарце. Тады падумаў, што вось мне будзе Дзень Волі ў няволі.
Кіроўцу змясцілі на трое сутак у Воранаўскі РАУС, пасля чаго прызначылі штраф за «несанкцыянаванае пікетаванне» 30 базавых велічыняў. Разам з ім тады прывезлі яшчэ некалькіх кіроўцаў, якіх таксама затрымалі «за сцягі». Як тады казалі супрацоўнікі міліцыі, да іх упершыню прывозілі затрыманых па падобных справах і яны папросту не ведалі, што ім рабіць, кажа суразмоўца.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Аляксандр адразу падаў заяўку ў план «Перамога». Спачатку ён не планаваў з’язджаць за мяжу і меркаваў, што будзе больш карысным, калі застанецца ўнутры краіны.
— Тады ўсе казалі, што план вось-вось распачнецца. Я падрыхтаваўся — дома стаялі запасы вады і тушонкі.
Аднойчы Аляксандру даслалі з плана «заданне»: спаліць рэлейную шафу. Мужчыну збянтэжыў вельмі хуткі адказ і адсутнасць якой-кольвек верыфікацыі. Пазней па затрыманні яму паведамілі, што «заданне» даслалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, а ён насамрэч уступіў у фэйкавы чат-бот плана «Перамога», які стварылі сілавікі, кажа суразмоўца.
У жніўні 2022 года мужчына таксама даслаў заяўку на ўступленне ў полк Каліноўскага. Як ён меркаваў, барацьба за вызваленне Беларусі мусіла пачацца з вызвалення Украіны.
«2020 год памятаеш?»

Пакуль ён чакаў разгляду заяўкі, 15 верасня яго выклікалі ў Фрунзенскі РАУС Мінска для разбіральніцтва, бо ён нібы стварыў небяспечную сітуацыю на дарозе. У аддзяленні міліцыі яго затрымалі.
— Я заходжу ў кабінет, міліцыянт кажа, што забыў асадку і выходзіць. У кабінет адразу заляцелі тры супрацоўнікі ГУБАЗіКа з крыкам: «Дзёрнешся, будзем страляць». Адзін з іх трымаў у руцэ пісталет, падняты ўверх. Мне адразу надзелі кайданкі. Адзін з іх спытаў: «2020 год памятаеш?».
Аляксандра павезлі дамоў на вобшук. Па дарозе ў машыне сілавікі паказвалі мужчыну відэазапісы, на якіх ён удзельнічае ў акцыі пратэсту. А таксама сказалі, што ведаюць пра ягоную рэгістрацыю ў плане «Перамога» і пра заяўку ў полк Каліноўскага.
— Падчас вобшуку ў жонцы ў тэлефоне на застаўцы ўбачылі сцяг Украіны. Сказалі, што яна таксама нейкая неправільная і яе затрымалі. Але яна нідзе не ўдзельнічала ў 2020 годзе.
Да крыві збівалі нагамі па твары
Пасля вобшуку Аляксандра разам з жонкай правезлі ў аддзяленне ГУБАЗіК і змясцілі ў суседнія кабінеты. Мужчыну адразу пачалі абвінавачваць у тым, што ён кідаў камяні і збіваў міліцыянтаў. Суразмоўца ўсё адмаўляў. Дзеля таго, каб ён прызнаў віну, супрацоўнікі ГУБАЗіК пачалі яго моцна збіваць.
— Я чую крык з калідора: «Дзе ён, зараз я яго буду біць». У кабінет уварваліся амбалы ўсе ў чорным і пачалі мяне збіваць. Я сяджу ў кайданках, нават укрыцца не магу.
Адзін стаяў каля дзвярэй, а двое схапілі мяне за шыю і кінулі на падлогу. Збівалі нагамі і дручкамі. Калі я прыехаў на Акрэсціна, зняў парткі, а ў мяне ўся спіна і ногі чорныя.
Затым Аляксандра перавялі ў суседні кабінет, дзе знаходзіліся чацвёра губазікаўцаў у цывільным. Яны таксама пачалі моцна збіваць мужчыну з крыкам: «Сука, нахера кідаў камяні?». Яны да крыві збівалі мужчыну нагамі па твары, кажа суразмоўца.
— Увесь гэты час мая жонка ў суседнім кабінеце чула, як мяне збіваюць. А я чуў, як яна плача.
Праз збіццё два дні не мог ляжаць
Аляксандра разам з жонкай адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Жанчыну пасля траіх сутак адпусцілі. Дзве гадзіны ён прасядзеў у так званым стакане – размеркавальнай камеры памерам метр на метр, ў якой немагчыма нават прысесці.
— У ізалятары трэба было распранацца дагала і прысядаць, а мянты ў гэты час стаялі і рагаталі. Мне гэта вельмі не спадабалася. Гэта я ім усё жыццё буду помніць.
Пасля вязня на 10 сутак змясцілі ў палітычны карцар. Як кажа мужчына, шырыня памяшкання адпавядае ягонаму росту і складае 1,7 метра, а даўжыня — каля 4 метраў. Разам з ім у камеры было 13 чалавек. Чатыры з іх стаялі, бо не было месца, каб прысесці.
— Хлопцы пачалі пасоўвацца, каб вызваліць для мяне хоць троху месца. Але я ім адразу сказаў, што бліжэйшыя два дні не змагу прылегчы, бо ад збіцця ўсё моцна баліцьі. Там у люстэрку я ўпершыню разглядзеў, як мяне збілі. Яшчэ месяц пасля затрымання ў мяне не праходзілі сляды ад кайданоў.
У добрай кампаніі вольных беларусаў
У СІЗА на Валадарскага Аляксандр сядзеў некалькі месяцаў у розных камерах пераважна з іншымі палітвязнямі. Па прыбыцці ён адразу адчуў, што цяпер знаходзіцца ў добрай кампаніі ў вольнымі беларусамі, распавядае мужчына.
Спачатку Аляксандра абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту (арт. 342 КК) і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (арт. 361-1 КК) за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і кантактах з палком Каліноўскага. Але ў выніку пакінулі толькі арт. 342 КК.
— Мяне вадзілі на паліграф, а таксама рабілі лінгвістычную экспертызу. Хацелі яшчэ дадаць да абвінавачвання абразу Лукашэнкі і мянтоў. Але на момант майго затрымання ўжо прайшоў тэрмін даўніны гэтых артыкулаў, — распвядае суразмоўца.
Нягледзячы на тое, што ў звычайным жыцці Аляксандр беларускамоўны, у СІЗА ён вырашыў з мэтаў бяспекі размаўляць з супрацоўнікамі ізалятара па-руску.
— Я загадзя разумеў, што для іх беларускамоўны будзе такім жа трыгерам, як для рускага ўкраінамоўны. Памятаю, як аднойчы Павел Белавус на вечаровай праверцы зрабіў даклад цалкам па-беларуску. Надзіральнікі былі ў ступары. Але яны часам паддзявалі Паўла за беларускую мову. Казалі: «Ты што тут, свядомы?», — распавядае Аляксандр.
Як распавядае Аляксандр, падчас зняволення ён два разы прачытаў «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына і разумеў, што ў Беларусі рэжым той жа самы, толькі дэкарацыі іншыя. Вязень адразу рыхтаваўся да пазбаўлення волі.
У выніку ў канцы сакавіка 2023 года Аляксандра абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту (арт. 342 КК) і прызначылі два гады калоніі.
— На судзе я паводзіў сябе шараговым беларусам. Маўляў, усе пайшлі на пратэсты, і я пайшоў. Віну прызнаў часткова. Сказаў, што так, удзельнічаў у акцыях, але за гэта віну не адчуваю.
Былы палітвязень распавядае пра ўмовы этапавання ў турму № 4 падчас разгляду ягонай апеляцыйнай скаргі.
— На «сталыпін» (неафіцыйная назва цягніка для перавозкі вязняў) лепей за ўсё ехаць, кал ў цябе найменей рэчаў. Купэ перапоўненае, ты ў кайданках лезеш на другі паверх. Было вельмі цяжка і нязручна. Усе паляць, выцяжкі няма, вочы слязяцца.
У кабінет начальніка калоніі толькі ў тапачках
У пачатку чэрвеня 2023 года палітвязня прывезлі ў ПК № 15 у Магілёў. Падчас карантыну Аляксандру патлумачылі правілы распарадку ў калоніі. Напрыклад, у кабінет да начальніка можна заходзіць толькі ў тапках. Іначай — пакаранне. Але надзіральнікі рабілі так, каб вязні гэтае правіла вымушана парушалі, распавядае суразмоўца.
— Вельмі шмат палітвязняў, якія ведалі гэтае правіла, ўсё роўна заходзілі туды ў вулічным абутку. У мяне здарылася наступная сітуацыя. Мяне выклікаў зэк, які за намі даглядаў, нібы я мусіў запоўніць нейкі дакумент. Я яму кажу, каб пачакаў хвіліну, пакуль пераабуюся.
Зэк кажа, што пойдзем да яго ў каморку, а не да начальніка, таму надзяваць тапкі не трэба. Зайшоў у каморку, перапісваю дакумент. А памяшканне зэка акурат насупраць кабінета начальнкіа. Тут я чую крык начальнкіа: «Юруць, зайдзіце да мяне. Тэрмінова. Давайце хутчэй».
І зэк мяне падштрухвоўвае, каб прыспешыўся. Я адразу разумею, што гэта падвох. Таму адразу пабег у распранальную і ў тапках ужо зайшоў у кабінет. Іншыя ў такой сітуацыі забягаюць да начальніка ў ботак, атрымліваюць парушэнне і трапляюць у ШЫЗА.
Аляксандр распавядае, што падчас карантыну прыкладна 80% палітвязняў трапляюць у ШЫЗА.
— Калі ты лаяльны, ну то мо 10 содняў у ШЫЗА адбудзеш. Калі надзіральнікам не падабаецца твой твар, або пылінку ў камеры знайшлі, то дадаюць яшчэ 10.
Не выканаў норму — адпраўляюць у ШЫЗА
У калоніі на прамзоне Аляксандр сартаваў другасную сыравіну — здымаў аплётку са старых дротаў. Вязням не выдаюць зменнае адзенне і няма належных умоваў, каб памыцца пасля працы. Але паводле правілаў, вязень пасля працы абавязаны мець «опрятный внешний вид», кажа палітвязень. Іначай падчас праверкі могуць прызначыць парушэнне.
На сартыроўцы металу кожны вязень абавязаны выконваць дзённую норму працы — адсартаваць пэўную колькасць сыравіны. Праз тое, што часам металу прывозяць меней, то фактычна норму выканаць немагчыма. Як кажа Аляксандр, аднойчы за гэта ягонага палітзняволенага сябра адправілі ў ШЫЗА.
— Там ідзе барацьба за метал. Бо ўсім трэба выканаць норму. Часам прывозяць цэлую купу металу. Вядома, ёсць метал лепшы і горшы. Тыя, хто дужэйшыя, могуць усіх разштурхаць і абраць сабе лепшы кавалак. Тыя, хто слабейшыя, заставаліся без нормы.
Барацьба за метал
У кнізе Салжаніцына Аляксандр прачытаў, што ў савецкіх лагерах для нязгодных з уладамі грузавыя вазы замест коней цягалі самі людзі. Яны называліся «ВРИДЛО – временно исполняющий должность лошади». У калоніі на прамзоне палітвязень пабачыў падобную з’яву.
— Метал на «промку» завозяць на вялікім возе. Адзін цягне спераду, а трое чалавек пхаюць ззаду. Воз важыў 200 кілаграмаў, можа і болей. Яго цягнулі ў наш цэх мо за кіламетр.
Усе вязні стаяць, чакаюць. Ледзь гэты воз заедзе ў цэх, як чалавек 40 на яго накідваюцца, каб забраць сабе лепшы метал. Цісканіна страшная, усе адно аднаго штурхаюць.
Мне аднойчы патрапіла кавалкам металу па твары. А адзін хлопец патрапіў пад воз і яму пераламала нагу. Там усе ведаюць, што гэта іхняя выкананая дзённая норма, іхняе неШЫЗА, — распавядае Аляксандр.
Нават калі адзін палітвязень ужо выканаў сваю працоўную норму, ён не меў права дапамагчы іншаму. Іначай «шасцёркі» маглі здаць адміністрацыі калоніі таго, хто дапамог, кажа суразмоўца.
У калоніі забаранілі чытаць Салжаніцына
Яшчэ седзячы на Валадарцы Аляксандр двойчы прачытаў тры тамы твораў Аляксандра Салжаніцына. У калоніі вязень зноў захацеў пачытаць гэтага аўтара і ўзяў кнігу ў бібліятэцы.
Неўзабаве пасля гэтага ўвесь атрад пашыхтавалі на вуліцы, а ў жылым памяшканні пачалі ладзіць ператрус. Вярнуўшыся ў барак, Аляксандр пабачыў сваю кнігу на падлозе, а заўгас без аніякіх тлумачэнняў сказаў, каб вязень здаў кнігу і больш не браў чытаць творы гэтага аўтара.
У дзень вызвалення Аляксандра, 8 траўня 2024 года, адміністрацыя калоніі адабрала ў яго вершы Паўла Белавуса, якія той пісаў у СІЗА.
«Лукашызм — гэта заразна»
Аляксандр распавядае, што падчас яго зняволення яго жонка змяніла свае палітычныя погляды і стала прыхільніцай уладаў.
— Я лічу, што лукашызм — гэта заразна. Калі я сядзеў, жонка пісала мне лісты, дасылала перадачы. Па вызваленні я прапанаваў ёй з’язджаць з краіны. Яна адразу пагадзілася. План быў такі: спачатку я знаходжу працу, уладкоўваюся за мяжой, а пасля яна пераязджае да мяне. Але як я з’ехаў, жонка сказала, што нам трэба разыйсціся.
Як я пазней даведаўся ад нашай агульнай знаёмай, пакуль я быў у няволі і жонка насіла мне перадачы, то яна закахалася ў ахоўніка Валадаркі. Палюбіла яго і гэты рэжым.
Будзь вольным да канца
У пачатку чэрвеня 2024 года Аляксандр з’ехаў з Беларусі ў Літву.
— Я ніколі не дарую таго, як улада зламала мне лёс. Жыцця мне там не дадуць. А я не хачу паказваць усім сваім тварам, як я ненавіджу гэтую ўладу.
У канцы размовы Аляксандр падзяліўся парадай да ўсіх беларусаў.
— Мой мэсэдж беларусам: калі вырашыў быць свабодным, то заставайся ім да канца. Лукашысты не разумеюць ані дыпламатыю, ані дэмакратыю. Таму кожны беларус мусіць быць гатовы да радыкальнага супраціву.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное