А вось Беларусь як суверэнная дзяржава, якая рана ці позна выйдзе з канфлікту з суседзямі, для Кітая цікавая, таму што пры адбудове механізма супрацоўніцтва ўздоўж ключавых маршрутаў на шляху «Пояс і шлях» (One Belt, One Road) Кітай спрабуе ствараць «вузлавыя» дзяржавы.
Тышкевіч: «Кітаю ўсё адно – ці тут дэмакратыя, ці тут аўтарытарызм. Але не ўсё адно, калі мясцовыя рэжымы становяцца таксічнымі»
Аналітык Ігар Тышкевіч у каментары «Филину» разважае пра ўцягванне Беларусі ў ШОС.
«Кітай фарміруе зону прысутнасці сваіх інтарэсаў. Таму ў прыярытэтах тэмаў сёлетняга саміту ШОС, па прызнанні кітайскіх дыпламатаў — палітыка, бяспека, эканоміка і гуманітарная сфера. Характэрна, што палітыка вынесена на першае месца», — аналізуе значэнне ШОС Ігар Тышкевіч.
Ён сцвярджае, што сяброўства Беларусі ў ШОС — гэта кітайскі, а не расейскі трэк.
Филин пацікавіўся ў аналітыка, як палітыка Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва адаб’ецца на сітуацыі ў Беларусі.
— Насамрэч Кітай фармуе сваю зону ўплыву акрэслена ўжо з 2015 года, — адзначае Ігар Тышкевіч. — І тут, калі казаць пра пару Беларусь-Расея, то Кітаю нявыгадна і бесперспектыўна развіваць адносіны з Беларуссю, як з будучай часткай РФ.
Гэта і лагістыка, і пэўны абмен тэхналогіямі, і гэтак далей. І калі браць сухапутны маршрут, то на Беларусі сыходзяцца адразу некалькі фактараў.
Першы — геаграфія. А другі, так сталася, што вельмі дапамагла Украіна. Пры Януковічу там было падпісана некалькі важных пагадненняў з Кітаем, але на той момант Украіна іх не выканала.
І гэта сітуацыя згуляла на карысць Беларусі, фокус змясціўся на яе. Пасля гэтага пачало паступова развівацца супрацоўніцтва. Прычым Кітай уваходзіць досыць марудна, глядзіць на варункі ўнутры краіны, каб лішні раз не рызыкаваць.
І пасля 2021 году было некалькі момантаў, калі Пекін браў паўзу, скажам, у выхаваўчых мерах штучна заніжаў інтэнсіўнасць кантактаў з Лукашэнкам.
Але пасля быў момант ажыўлення кантактаў, у 2022 годзе адбылася павышэнне статусу палітычнага супрацоўніцтва.
Гэта фактычна быў сігнал РФ, што Кітай не ўспрымае занадта моцныя маштабы інтэграцыі, што ён не ўспрымае магчымасць паглынання Беларусі.
А далей што б там ні было, Беларусь прынялі ў ШОС. І станам на сёння ўцягванне Беларусі ў механізмы ШОС выгаднае Кітаю, таму што адна справа, калі ты павялічваеш свой уплыў унутры Беларусі сам, і зусім іншая, калі ты робіш гэта ў межах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, пад якім падпісалася ў тым ліку і Расея. Другі варыянт значна больш мяккі і спакойны.
Па вялікім рахунку, для Кітая Беларусь — гэта частка зоны яго ўплыву ў Еўропе. Тут таксама вельмі цікавы факт: амбасадар КНР у РБ — гэта чалавек, які працаваў ва Узбекістане менавіта ў той час, калі Кітай выводзіў краіну з-пад расейскага ўплыву. І гэта шмат пра што кажа.
У любым выпадку гэта кітайскі трэк, ужо адбылося падпісанне некалькіх дакументаў па ўваходзе кітайскіх кампаній у Беларусь, але ўзаемадзеянне толькі пачынаецца, і ці стане гэты ўваход рэальным, на працягу бліжэйшых паўтара гадоў будзе бачна.
То-бок Кітай пачынае інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва. І для гэтага, паўтару, ім выгадна, каб Беларусь была суверэннай. Бо навошта Кітаю асобна супрацоўнічаць з нейкім рэгіёнам РФ. Яны ж не супрацоўнічаюць, напрыклад, з Краснадарскім краем, не падпісваюць з ім пагадненняў.
Да таго ж, больш кампактныя краіны лепей падыходзяць на ролю тых самых «вузлавых кропак», у тым ліку з-за адсутнасці вялікіх геапалітычных амбіцый. Таксама важна геаграфічнае становішча.
Так зараз Кітай пачынае падцягваць на поўдні Еўропы ў якасці другой «вузлавой» краіны Сербію.
— Інтарэсы Кітая зразумелыя. А лукашэнкаўскай Беларусі чым цікавы гэты трэк?
— З пункту гледжання беларускіх нацыянальных інтарэсаў, на маю думку, развіццё адносінаў з Кітаем крайне важнае. Таму што ў нас ёсць такі сусед як РФ.
Я вельмі слаба веру ў парасон бяспекі альбо супрацоўніцтва з ЗША для Беларусі. Я таксама слаба веру ў жорсткую палітыку з боку Еўрапейскага саюзу.
Нагадаю, да пачатку вайны ва Украіне Еўрасаюз практычна прайграў свае пазіцыі ў Грузіі, Арменіі, Малдове, амаль што прайграў ва Украіне. Гэта ўсё краіны праграмы «Усходняга партнёрства».
Пры гэтым, адзначу, што Кітай не будзе надта моцна ўлазіць ва ўнутрыпалітычны працэс. Яму ўсё адно, які там палітычны рэжым, галоўнае, каб ён выконваў дамоўленасці.
Адпаведна, з пункту гледжання Беларусі, уплыў Расеі, спробы паставіць нашу краіну ў крытычную палітычную залежнасць Кітаю не надта падабаюцца.
Можна нават паглядзець, як ён з гэтым працуе, дастаткова паназіраць за тым, як паводзіць сябе Казахстан. Хачу нагадаць, што ў 2022 годзе там стаялі расейскія войскі, гэта было не так даўно. І паслухайце зараз рыторыку Такаева.
І вось зараз паўстае пытанне — будзе Беларусь часткай «расейскага свету» ці часткай кітайскай зоны ўплыву. А што будзе адбывацца пры гэтым у краіне, вырашаць толькі самім беларусам.
Кітаю ўсё адно — ці тут дэмакратыя, ці тут аўтарытарызм. Але не ўсё адно, калі мясцовыя рэжымы становяцца таксічнымі. Менавіта таму з боку Пекіну ідуць пастаянныя сігналы, што варта паступова шукаць кантакты з суседзямі.
Але замарочвацца пытаннямі пабудовы дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь яны не будуць.
— Лукашэнка разумее, што ў інтарэсах Кітая павінен наладзіць адносіны з Еўрасаюзам?
— Так. Але пытанне ў іншым — калі. З-за вайны ва Украіне і санкцый, вядома, што краіны падзеленыя на два лагеры. Да моманту змены сітуацыі Кітай не будзе падштурхоўваць, каб Беларусь станавілася часткай другога лагеру.
Ён можа толькі рэкамендаваць зменшыць градус, не пагражаць і падобныя рэчы. Таму што рэзкі разварот Беларусі на дадзеным этапе — гэта рэзкая рэакцыя РФ. Навошта Кітаю яшчэ адна крызісная зона?
Бо межы для кітайскіх тавараў адкрытыя. Польшча, Нямеччына, Францыя актыўна з ім супрацоўнічаюць. Гэта для грамадзян Беларусі Польшча можа абмежаваць заезд, але яна не будзе абмяжоўваць праезд кітайскіх кантэйнераў. Гэта называецца realpolitic.
І ўсё ж Лукашэнку давядзецца неяк варушыцца. Такія сігналы былі і ёсць. Ён ведае, што занадта глыбока залез у адносіны з Расеяй і ў канфлікт з Захадам, і яму трэба неяк акуратна вылазіць. Каб яго не зжэрлі свае ж.
Читайте еще
Избранное