Судаленка: Заклікаю спадара Келага зрабіць пытанне вызвалення ўсіх палітзняволеных неад’емнай часткай сваёй місіі ў Мінску

Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка выступіў з адкрытай заявай да ўладаў ЗША і Лукашэнкі.

— Як праваабаронца і былы палітвязень, звяртаюся з адкрытым заклікам да ўсіх бакоў, уцягнутых у будучыя перамовы ў Мінску з асаблівым акцэнтам на гуманітарны і праваабарончы аспекты цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, — піша Судаленка.

Чаканы візіт спадара Кіта Келага, спецпрадстаўніка прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі па ўкраінскіх пытаннях, адкрывае важнае акно магчымасцей для прасоўвання не толькі міжнароднай дыпламатыі, але і вырашэння найвастрэйшых унутраных праблем Беларусі.

Леанід Судаленка

У цэнтры гэтых праблем — лёсы тысяч нашых суайчыннікаў, пазбаўленых волі выключна за перакананні, удзел у мірных акцыях або выказванне грамадзянскай пазіцыі.

Я заклікаю спадара Келага зрабіць пытанне вызвалення ўсіх палітычных зняволеных неад’емнай часткай сваёй місіі ў Мінску. Лёсы гэтых людзей не могуць быць прадметам гандлю, але павінны стаць маральным арыенцірам для любога дыялогу, які прэтэндуе на статус міратворчага і канструктыўнага.

Таксама звяртаюся да беларускіх уладаў, асабіста да Аляксандра Лукашэнкі: у вашых сілах распачаць працэс нацыянальнага прымірэння, да чаго з-за кратаў заклікаў мой калега па праваабароне, Нобелеўскі лаўрэат прэміі міра Алесь Бяляцкі. Крокам да гэтага можа і павінен стаць неадкладны перагляд палітычна матываваных спраў, гуманітарныя жэсты ў дачыненні да зняволеных і іх сем’яў, а галоўнае — прызнанне каштоўнасці і важнасці дыялогу з грамадзянскай супольнасцю.

Сёння, калі Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў стане глыбокага палітычнага і сацыяльнага крызісу, любое сапраўднае прасоўванне наперад магчыма толькі пры ўдзеле і з улікам голасу тых, хто быў несправядліва пакараны за свабоду слова і імкненне да пераменаў.

Свабода для палітвязняў — гэта першы і найбольш неабходны крок да новай Беларусі, дзе паважаюцца правы чалавека і цэніцца чалавечая годнасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(34)