Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі
Пакуль патрыярх беларускага IT Уладзімір Сіротка спрабуе вызваліцца з лап КДБ, юрыдычную асобу «Ерпбел», цесна афіляваную з ягоным «Софтклубам», унеслі ў нацыянальны санкцыйны ліст Польшчы, піша Наша ніва.
Дэталёвая матывацыя засакрэчана. «Ерпбел» кіруе крыптабіржай Bynex, чыя справаздачнасць насамрэч стала анамальнай пасля пачатку вайны.
Рашэнне ўнесці «Ерпбел» у нацыянальны санкцыйны спіс Польшчы было прынята 30 кастрычніка 2025 года на падставе ліста кіраўніка Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.
Абгрунтаванне падаецца цьмяна, падкрэсліваецца наяўнасць нейкага матэрыялу пад грыфам «сакрэтна».
Публічная частка ж выглядае так:
«— «Ерпбел» дзейнічае ў Парку высокіх тэхналогій, створаным па дэкрэце прэзідэнта Беларусі.
— ПВТ знаходзіцца пад наўпроставым кантролем дзяржаўнага апарату Беларусі, адпаведна, кампаніі ПВТ залежаць ад уладаў (прыводзіцца прыклад «Сінэзіса» — кампаніі, чые камеры распазнавалі твары беларусаў — НН).
— У 2021 годзе «Ерпбел» устанавіла супрацоўніцтва з Беларусбанкам, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, што было часткай лічбавай трансфармацыі банка і дало магчымасць абслугоўваць фіятныя валюты на крыптабіржы Bynex, уключаючы аперацыі з VISA, далярамі і беларускімі рублямі.
— Дырэктарам кампаніі ў 2022‑2023 гадах была Ірына Лысакоўская, раней — галоўны бухгалтар Беларусбанка», — гаворыцца ў рашэнні.
Такім чынам, указваецца, што дзейнасць «Ерпбел» можа быць выкарыстана для:
- абыходу санкцый;
- падтрымкі органаў улады Беларусі;
- падтрымкі агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Рашэнне замарожвае ўсе грашовыя сродкі і эканамічныя рэсурсы кампаніі ў Польшчы, а таксама забараняе праводзіць у яе бок прамыя або ўскосныя плацяжы і выконваць любыя дзеянні па абыходзе гэтых санкцый.
У кампаніі ёсць 30 дзён, каб абскардзіць рашэнне, але гэта фармальнасць — яшчэ ніводнай кампаніі, якая трапіла пад нацыянальныя польскія санкцыі з-за вайны ва Украіне, не ўдалося паспяхова аспрэчыць сваё ўключэнне.
Што з сябе ўяўляе кампанія «Ерпбел» і чым у рэальнасці яна магла наклікаць на сябе праблемы ў Еўропе?
«Ерпбел» — гэта кампанія-аператар адной з цэнтральных беларускіх крыптабірж Bynex, заснаваная ў 2019 годзе.
Bynex — гэта распрацоўка «Софтклуба». Але кампанія не ўваходзіць у холдынгі, вядзе асобную справаздачнасць і не належыць «Софтклубу» наўпрост, замест гэтага ў бенефецыярах «Ерпбела» менеджары і супрацоўнікі «Софтклуба» як фізічныя асобы.
Так, напрыклад, Уладзіміру Сіротку — фігуранту «справы Софтклуба» — належыць 23,78% долі «Ерпбела». Столькі ж — намесніку Сіроткі па тэхналогіях і якасці ў «Софтклубе» Алегу Керногу. Іншым акцыянерам (усяго іх 14, большасць афіляваныя з «Софтклубам») належаць меншыя долі.
Цікавасці сітуацыі дадае той факт, што ў поле зроку беларускіх апазіцыйных арганізацый, якія займаюцца расследаваннямі і падаюць санкцыйныя спісы, «Ерпбел» не трапляла — «Наша Ніва» апытала такія арганізацыі. А значыць, Польшча сама знайшла кампраметуючую інфармацыю.
Як вядома «Нашай Ніве», вялікая частка супрацоўнікаў кампаніі «Ерпбел», у прыватнасці — распрацоўшчыкаў, — працуюць з Польшчы, куды рэлакаваліся па палітычных ці персанальных прычынах. Магчыма, інсайдарская інфармацыя аб дзейнасці кампаніі магла трапіць да палякаў ад кагосьці з яе супрацоўнікаў.
Фінасавыя поспехі Bynex пасля 2022 года сапраўды складана патлумачыць толькі ростам інтарэсаў да крыптавалют з боку беларускіх фізічных асобаў.
Так, у 2024‑м у параўнанні з даваенным 2021‑м абарот крыптабіржы вырас больш чым на 2000%: у 2024‑м на беларускія рахункі «Ерпбела» (справаздача аб руху грашовых сродкаў, артыкул 020) паступіла 953 мільёны беларускіх рублёў. У 2021 было ўсяго 44 мільёны рублёў.
У той жа час вядома, што заходнія фінансавыя і палітычныя інстытуты абвінавачваюць Расію ў інструменталізацыі крыптавалют для абыходу санкцый. Раней пад санкцыі ЗША трапіла расійская крыптабіржа Garantex і яе пераемнікі Grinex, Exved і гэтак далей.
Выпадак Bynex першы, калі пад санкцыі — пакуль яшчэ толькі польскія — трапіла беларуская крыптабіржа. Пры гэтым абвінавачванне ў дапамозе Расіі фінансаваць закупкі з дапамогай крыптавалют не агучана наўпрост, а завуалявана пад доўгім лагічным ланцужком, пад які фактычна можна падвесці любую кампанію-рэзідэнта ПВТ.
Яшчэ большай адметнасці сітуацыі надае факт, што ў яе ўласнікаў праблемы са спецслужбамі адразу ў дзвюх непрыязных паміж сабой краінах: Беларусі і Польшчы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное