Филин

Юлія Кот

Леся Руднік: «Беларуская дзяржава ўсё яшчэ не прапануе бачання будучыні»

Дырэктарка Цэнтра новых ідэй — пра тое, у чым палягае ідэалогія рэжыму Лукашэнкі.

Днямі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дырэктыву «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы». Цікава, што ў мінулыя два гады, пасля нашумелага распараджэння па забароне росту цэн, дырэктыў правіцель наогул не выдаваў ніводнай, а сёлета іх ужо дзве, і абедзве ў мэтах умацавання ўлады.

Дакумент адначасова цікавы і дзіўны. Бо, з аднаго боку, правадыр рэжыму фактычна прызнаў, што раней у яго ніякай асобнай ідэалогіі не было. А з другога — тут жа сцісла, на 4,5 старонкі, тыя самыя асновы і выдаў.

Але па сутнасці, ніякая гэта не канцэпцыя. Эклектыка з савецкіх наратываў пра духоўнае адзінства «ўсходнеславянскага свету» і пра сацыяльную дзяржаву, ды заклікаў да калектывізму і «мабілізацыі грамадства», каб абараняць канстытуцыйны строй, суверэнітэт і незалежнасць. Плюс шматкроць паўтораная ва ўсіх пунктах выключная роля дзяржавы.

У чым насамрэч палягае сучасная ідэалогія ад Лукашэнкі і ці можа рэжым нешта прапанаваць беларусам, акрамя запалохвання і тэрору, Филин абмеркаваў з дырэктаркай Цэнтра новых ідэй, дактаранткай Карлстадскага ўніверсітэта Лесяй Руднік.

Леся Руднік

— Выглядае на тое, што ідэалогіі ў рэжыму дагэтуль няма, часта ўсё зводзіцца да ўсхвалення асабіста Лукашэнкі. Вы адсочваеце наратывы беларускай прапаганды, наколькі ў іх бачная гэтая акалічнасць?

— Мы бачым, што дзяржава, з аднаго боку, спрабуе заахвочваць грамадзян падтрымліваць яе, казаць пра тое, што Лукашэнка маладзец і агулам улады добра спраўляюцца. Пры гэтым ёсць пэўная розніца з тым, што мы разумеем звычайна пад ідэалогіяй у палітычнай навуцы — гэта амаль што цалкам адсутнічае. Няма вялікага ідэалагічнага падмурку, тлумачэння, на якіх прынцыпах і каштоўнасцях грунтуецца гэтая дзяржава.

Даследчыца прыводзіць прыклад: калі краіна ёсць сацыял-дэмакратыяй, як Швецыя, то ідэалогія гэтай дзяржавы грунтуецца на тым, што ўсе грамадзяне краіны павінны быць забяспечаныя. Дзяржава пра іх клапоціцца, самі грамадзяне праз сплату падаткаў падтрымліваюць тых людзей, хто часова не можа сябе забяспечваць, і г.д.

— У выпадку Беларусі мы гэтага не бачым. А тое, што праяўляецца ў наратывах прапаганды, што даследчыкі і медыя любяць называць «ідэалагізацыяй» — хутчэй пра спробы рэжыму сябе легітымізаваць і чаму грамадзяне павінны яго падтрымліваць.

Легітымуецца рэжым праз асобу Лукашэнкі. Праз пэўныя сцверджанні гістарычнага характару, адкуль паходзіць наша нацыя, вынішчэнне часткі гісторыі пра БНР, перыяду адраджэння ў 1990-х.

І такім чынам паказвае, якія гістарычныя моманты важныя, а якія менш важныя. А праз сігналы падтрымкі і непадтрымкі іншых краін (крытыка Еўразвязу, агулам дыскрэдытацыя Захаду) дае зразумець, хто наш «вораг», хто «сябар».

Пры гэтым, калі, скажам, у Кітаі, краіне з моцным камуністычным рэжымам, рэпрэсіі маюць ідэалагічны падмурак (роўнасць, «раскулачванне» і г.д.), то ў Беларусі такога падмурку няма, проста ўсё, што супраць улады, гэта кепска.

— Аналізуючы метадычкі апошніх год, ці можна сказаць, што ідэалогія па-лукашэнкаўску — гэта персаналізацыя? Маўляў, была разруха, а прыйшоў Лукашэнка і ўсё разруліў, таму толькі ён.

— На мой погляд, правільна сказаць, што ў нас няма ідэалогіі, у нас ёсць культ асобы.

У паліталагічнай навуцы ёсць канцэпцыя Вэбэра пра легітымнасць улады, яна вылучае розныя тыпы легітымнасці. Прынамсі, адзін з іх — ідэалогія, дзякуючы якой «склейваецца», візіянуецца і развіваецца грамадства, а адзін з іншых — персаналісцкая легітымнасць, што трымаецца на канкрэтнай асобе.

У беларускай сітуацыі мы кажам пра тое, што ідэалогія, можа быць, недзе і існуе, але мы яе не бачым (у тым ліку ў згаданым дакуменце), а легітымнасць гэтай улады «склейваецца» на аснове канкрэтнай асобы.

Беларуская дзяржава ўсё яшчэ не прапануе бачання будучыні, не замацоўвае нават у гэтым дакуменце пра «рэалізацыю асноў ідэалогіі» чагосьці, з чым можна стасавацца каштоўнасна.

Беларускі гімн, напрыклад, такое бачанне прапануе. «Мы, беларусы — мірныя людзі», часткова гэта ідэалагічная заява. Часткова ідэалагічныя аспекты ёсць у некаторых законах, прыкладам, дзе сцвярджаецца, што сям’я — гэта саюз мужчыны і жанчыны.

Дакумент, які апісваў бы ідэалогію, мог быць чымсьці накшталт таго дакумента, які апісвае прынцыпы і каштоўнасці Еўразвязу.

— Але ці можа рэжым скласці нешта падобнае? Ці ёсць яму, што прапанаваць беларусам, акрамя застрашвання і рэпрэсій?

— Думаю, што можа. Можна здабыць, сабраць крупіцы ідэалогіі, нават пісьмова зафіксаваныя ў нейкіх крыніцах.

Скажам, пра нацыю, якая імкнецца быць мірнай. Зараз, відавочна, гэтая заява знаходзіцца пад пагрозай, у тым ліку праз дзейнасць Лукашэнкі. Але калі глабальна збіраць карцінку, то праз «мірнасць», разуменне шлюбаў, пэўныя гістарычныя моманты магла б атрымацца ідэалогія сацыяльнай дзяржавы. Не ведаю, ці дэмакратычнай, але ў бок сацыяльнай, якая апякуецца стварэннем дабрабыту для ўсіх груп.

Аднак для гэтага беларускім уладам бракуе пэўных дзеянняў. Накшталт не забіраць грошы ў людзей за тое, што яны не працуюць, а даваць ім грошы, якія збіраюцца з падаткаў, падтрымліваць беспрацоўных.

Усё гэта магло б скласціся ў даволі кансерватыўную ідэалогію дзяржавы, якая грунтуецца на прынцыпах традыцыйнага грамадства, нейтральнасці ў міжнародных адносінах, пры гэтым адасабляецца ад інавацый, якія ёсць на Захадзе, і трымаецца сацыялізму.

— То бок, магло б, але не склалася. Чаму — улады не могуць выбудаваць уласную ідэалогію, ці не хочуць?

— Мяркую, ім гэта проста не патрэбна. Рэжыму трэба проста ўтрымаць уладу. І ён ведае, што большасць грамадства апалітычная — сацыялагічныя апытанні называюць гэта «нейтралы».

Калі ў краіне нельга выказваць палітычную пазіцыю, то пра якую ідэалогію гаворка? Мы можам казаць пра прымусовы культ асобы, дзе людзей вымушаюць сведчыць сваю падтрымку рэжыму і канкрэтнаму чалавеку, але не пра шчырае падзяленне нейкіх ідэалагічных каштоўнасцяў.

І ў бягучых умовах для рэжыму важней «застаўбіць» нейкую легітымнасць, чым прапанаваць класічную ідэалогію. Таму яе і няма (хоць шмат хто з беларускіх экспертаў лічыць інакш).

У адрозненне, дарэчы, ад Віктара Бабарыкі. Ён многім падаваўся наіўным, але ў ягоных заявах напачатку кампаніі можна было бачыць крупіцы ідэалогіі — пра інавацыйнасць, адкрытасць, развіццё культуры.

У Ціханоўскай зараз таксама ідэалогіі няма. На сёння гэта стос заяў, якія аспрэчваюць легітымнасць Лукашэнкі.

Хіба адзіная ідэалагічная заява, якая ёсць у дэмакратычных сіл — еўрапейская будучыня, трэк на развіццё еўрапейскага накірунку. Ён у пэўным сэнсе сігналізуе, што дзяржава, якую бачаць у будучыні дэмсілы — дэмакратычная, якая грунтуецца на тых жа самых прынцыпах, што і Еўразвяз: свабода, дэмакратыя, плюралізм меркаванняў і інклюзіўнасць усіх тыпаў рознасцяў у грамадстве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)