Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Літва збольшага гатовая да такой эскалацыі з Беларуссю»

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у інтэрв’ю «Филину» — пра тое, наколькі сур’ёзна варта ставіцца да магчымасці закрыцця літоўска-беларускай мяжы.

У ноч на 22 кастрычніка Літва зачыняла аэрапорт і мяжу з-за некалькіх дзясяткаў кантрабандных метэазондаў, што прыляцелі з Беларусі. Паўза доўжылася ўсяго некалькі гадзін, аднак літоўская прэм’ер-міністарка Інга Ругінене папярэдзіла: калі падобны інцыдэнт паўторыцца, суседняя краіна можа цалкам закрыць мяжу на больш доўгі тэрмін з прычын бяспекі, і «саступак  не будзе».

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч, у сваю чаргу, зазначыў: дакладных звестак, што да запуску метэазондаў датычныя беларускія службовыя асобы, няма. Але і ўзаемадзеяння з памежнікамі РБ, папярэджанняў ад іх таксама не было. Між тым, раней Дзяржпамежкамітэт Беларусі хваліўся сваімі поспехамі на ніве спынення кантрабанды. Цяжка паверыць, што цяпер маштабныя «цыгарэтныя прылёты» адбываюцца без іх ведама.

Але дзеля чаго рэжым Лукашэнкі зноў псуе стасункі з краінай-суседкай? Ці выпрабоўвае правакацыямі межы дазволенага, ці намагаецца, каб літоўскі бок сапраўды зачыніў мяжу і атрымаў незадаволенасць грамадства?

— Насамрэч канкрэтна ў гэтым эпізодзе мы не ведаем падрабязнасцяў — магчыма, гэта сапраўды кантрабандысты, а лічыць, што беларускія ўлады кантралююць наогул усю кантрабанду, таксама няма падстаў, — адзначае ў каментары Филину дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч

— Таму мы не можам сцвярджаць, што мела месца правакацыя з боку беларускага рэжыму. Але ж такая актыўная рэакцыя Літвы звязаная з тым, што гэта ўжо даволі працяглая гісторыя — і правакацый, і выпадкаў кантрабанды, і негатыўнага ўзаемадзеяння паміж памежнымі службамі Літвы і Беларусі.

Зараз ужо любы эпізод, нават не справакаваны непасрэдна беларускімі ўладамі, можа стаць прычынай сур’ёзных наступстваў на мяжы.

Думаю, літоўцы спрабуюць паказаць, што гатовыя да больш жорсткіх захадаў па гэтым пытанні. Раней яны не практыкаваліся, але пасля таго, як у мінулым месяцы Польшча межы такі перакрывала, аказалася, што гэта не так і складана і як рычаг уздзеяння на сітуацыю можа выкарыстоўвацца.

Тым больш, сапраўды, цягам апошняга месяца мы бачылі сур’ёзную эскалацыю, што тычыцца дронаў і ўвогуле паветранай прасторы — не толькі Польшчы і Літвы, але і ў Даніі, Нямеччыне і іншых краінах.

Абыходзіцца гэта вельмі дорага, бо парушае звыклыя транспартныя патокі. А калі нанесена сур’ёзная шкода — адпаведна, узнікае жаданне, каб яе зменшыць, выкарыстоўваць ціск на тыя краіны, якія з’яўляюцца крыніцай такіх пагроз. Тычыцца гэта і Расіі, дзе свой трэк і больш складаныя дачыненні з краінамі ЕС, але і Беларусі.

— Калі такое рашэнне будзе прынятае Літвой, на ваш погляд, па кім з бакоў гэта больш ударыць?

— На маю думку, Літва збольшага гатовая да такой эскалацыі. Бо гэтая краіна — частка і НАТА, і ЕС, а Еўрасаюз аказвае сур’ёзную дапамогу ў такіх выпадкаў. Сітуацыя з Польшчай (маю на ўвазе і памежны крызіс, і гісторыю з дронамі) гэта паказала.

У Беларусі магчымасці кампенсацыі сваіх стратаў за кошт знешніх крыніц і партнёраў меншыя. Ёсць фінансавыя магчымасці Расіі, але ў яе самой сітуацыя зараз не вельмі спрыяльная, і адносна падтрымкі Беларусі вялікае пытанне, ці будзе РФ вырашаць праблемы свайго саюзніка.

Апроч таго, транзіт, які ідзе праз Літву, можа ў прынцыпе ісці рознымі шляхамі. Перавозка з Кітая можна ажыццяўляцца наземным шляхам — тады яна ідзе праз Беларусь, а можа марскім — тады танкеры, іншыя караблі заходзяць у Клайпеду. У гэтым кантэксце магчымасці Літвы знайсці альтэрнатыву і кампенсаваць страты, напэўна, большыя, чым у Беларусі, якая можа проста выпасці з гэтай лагістыкі.

— А што наконт людзей, для якіх беларуска-літоўская мяжа — наўпрост пытанне сувязі з роднымі, шлях у Еўропу і назад?

— На жаль, калі на першы план выходзяць пытанні бяспекі, то інтарэсы звычайных грамадзян не тое што цалкам здымаюцца з парадку дня, але перастаюць быць прыярытэтнымі. Як у гэтым, так і ва ўсіх іншых выпадках, варта чакаць, што Літва сканцэнтруецца на пытаннях уласнай бяспекі.

Тут жа ёсць пэўная асіметрыя: для беларусаў і Беларусі магчымасць трапіць у ЕС праз Літву важная, але гэта не працуе ў зваротным накірунку. Для літоўскай дзяржавы тое, што многія літоўскія грамадзяне рэгулярна ездзяць у Беларусь (прынамсі, паводле статыстыкі беларускага памежнага камітэта — з красавіка 2022 года па верасень 2025-га нашу краіну наведалі амаль 650 тысяч замежнікаў з Літвы — Ф.), хутчэй разглядаецца як праблема і пагроза, а не як тое, што дапамагае эканоміцы краіны.

Літве прасцей выкарыстоўваць падобны механізм, як закрыццё межаў. Цяжка чакаць, што літоўская грамадскасць будзе вельмі актыўна гэтым крокам абурацца і ціснуць на свой урад, каб абмежаванні былі знятыя.

Безумоўна, такія галасы з боку бізнесу і з боку жыхароў памежных рэгіёнаў будуць гучаць, але ж гэты ціск не будзе настолькі бачным і адчувальным, як пастаянная пагроза дронамі і вымушанае закрыццё аэрапортаў, якое закранае тысячы людзей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(5)