Кавалкін: Тое, што цяпер робіць Турчын, падобна да спробы разбурыць сістэму «правільных цэн»

Эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін — пра змены ў Нацбанку пры Галоўчанку і новую сістэму рэгулявання цэн.

Уладзімір Кавалкін

Эканаміст адказаў, ці заўважна, што ў Нацбанку новы кіраўнік. Нагадаем, што 10 сакавіка гэтую пасаду заняў Раман Галоўчанка.

— Пакуль што не, бо так змены не адбываюцца. Але я б рабіў такі прагноз: пры Калауры (былы кіраўнік Нацбанка — С.) была, хутчэй, жорсткая фінансава-крэдытная палітыка, накіраваная на збалансаванне, а падчас Галоўчанкі будзе разбалансіроўка, — кажа Уладзімір Кавалкін у эфіры Еўрарадыё. — Больш мяккая крэдытная палітыка, вяртанне да практык Пракаповіча — да выдання дырэктыўных крэдытаў пад інвестыцыйныя праекты.

Але цыкл будзе той самы: спачатку нальюць грошы, потым зразумеюць, што праекты не прыбытковыя, ёсць даўгі, а пакрываць іх няма як. Далей па спіралі — інфляцыя, дэвальвацыя, усё як звычайна.

Таксама эканаміст пракаментаваў новую сістэму рэгулявання цэн. На думку Кавалкіна, новы прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын вяртаецца да ліберальнай палітыкі: гэта відаць па загадах, якія ён аддае, і па палітыцы, якую ён спрабуе праводзіць.

— Нагадаю, што перад увядзеннем цэнавага рэгулявання пайшла адміністрацыйная плынь дарадчыкаў Лукашэнкі. Нават кіраўніца Белстата казала, што ёсць усе даныя, і яны могуць падлічыць, які кошт будзе справядлівы.

Гэта змяшчалася ў палітыку а-ля Альендэ: нейкія супергуру-эксперты з дапамогай матэматычных мадэляў і камп’ютараў неяк вылічаць самы сумленны прайс. Гэта быў цікавы эксперымент, за якім было цікава назіраць.

Але з прыходам Турчына ён, хутчэй за ўсё, скончаны. Зразумела, ён не можа ўзяць і змяніць палітыку Лукашэнкі, але можа яе мадыфікаваць. Калі лібералы прыходзяць ва ўрад аўтакрата, яны звычайна не ідуць насуперак аўтакрату, а робяць такое вычварэнне, што палітыка перастае працаваць.

Тое, што цяпер спрабуе зрабіць Турчын, падобна да спробы разбурыць мадэль, якая яшчэ не была да канца збудавана — тую самую сістэму «правільных цэн».

Ён скарачае спіс прадуктаў, на якія будуць рэгулявацца цэны, а таксама запрапанаваў пераход ад кантролю цэн да кантролю рэнтабельнасці. То бок дае такі глыток для вытворцаў, для гандлю, каб яны неяк маглі адбіць свае кошты.

Разам з тым улады кажуць, што перагледзяць, як калькулюецца кошт гэтых тавараў і будуць кантраляваць, каб нічога не дабавілі.

На думку эканаміста, гэта заўсёды будзе гісторыя барацьбы: адныя будуць здымаць, іншыя будуць раздуваць кошты.

— Для прадпрыемства будзе шчыліна: яны падвысяць кошт, але пакінуць рэнтабельнасць.

Гэта шлях у бок ліберальнага рынку. За гэтым вельмі цікава назіраць: як адна плынь беларускай эканамічнай думкі змагаецца з іншай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)