«Гэта вельмі кепскі сігнал і для беларусаў, і для нямецкага грамадства»

Каардынатарка Форуму гістарычных даследаванняў Алеся Белановіч-Петц — пра тое, чаму наша краіна рызыкуе выпасці з ментальнай мапы еўрапейскага грамадства.

Днямі Форум гістарычных даследванняў Беларусі аб'явіў аб тым, што спыняе працу. Раней ён меў сталую фінансавую падтрымку ад МЗС Германіі, але цяпер яе не будзе — урад краіны тлумачыць такі крок дэфіцытам бюджэту.

Чаму гэта вельмі сумная навіна для беларусаў, патлумачыла ў эфіры DW Беларусь каардынатарка форуму Алеся Белановіч-Петц.

Рэч у тым, што форум, як праект Нямецкага таварыства па даследванню Усходняй Еўропы,  цягам чатырох год не толькі ладзіў навуковыя дыскусіі і ўздымаў «нязручныя» або забароненыя ў Беларусі тэмы, як савецкія рэпрэсіі, пэўныя падзеі Другой сусветнай вайны.

Праз яго мелі падтрымку гісторыкі, якія трапілі пад пераслед рэжыму Лукашэнкі, а даследчыкі мелі магчымасць выязджаць з краіны і працаваць у нямецкіх архівах, наладжваць стасункі з міжнароднай акадэмічнай супольнасцю.

Алеся Белановіч-Петц згадвае: яшчэ ў 2018 годзе Беларусь наведаў федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмайер, каб пабываць на адкрыцці другой чаргі мемарыялу Трасцянец ва ўрочышцы Благаўшчына — месцы масавага знішчэння яўрэяў з Беларусі і еўрапейскіх краін. Тады побач з ім рушыў і Аляксандр Лукашэнка, і гучалі размовы аб супрацоўніцтве ў галіне захавання сумеснай памяці пра гэтую частку гісторыі.

Алеся Белановіч-Петц. Фота: Дзмітрый Брушко

Гэты дыялог, працягвае беларуска, разглядаўся ў тым ліку і як адзін са шляхоў наладжвання палітычных стасункаў. Беларускія і нямецкія гісторыі распрацоўвалі сумесныя праекты, удзельнічалі ў навуковых канферэнцыях.

У пачатку 2020 года нават была створаная нямецка-беларуская гістарычная камісія — але супраца была спыненая, калі пачаліся палітычна матываваныя звальненні супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН РБ, а кіраўніцтва Акадэміі навук актыўна ўдзельнічала ў апраўданні рэпрэсій уладаў супраць пратэстоўцаў.

Тады навуковы праект удалося перафарматаваць, і з’явіўся Форум гістарычных даследванняў Беларусі, што стаў платформай для сустрэч даследчыкаў і месцам стыпендыяльнай падтрымкі рэпрэсаваных гісторыкаў.

— За чатыры гады ў нас атрымалася падтрымаць 19 чалавек, — распавядае Алеся Белановіч-Петц. — Прычым мы падтрымліваем не толькі ўжо дасведчаных навукоўцаў, якія маюць ступені, але і магістрантаў, якія толькі пачынаюць сваю акадэмічную дзейнасць.

Другі ж, і бадай адзін з галоўных для нас, накірункаў — увогуле ствараць прастору для публічных дыскусій па актуальных гістарычных пытаннях Беларусі.

У 2023 годзе адбылася канферэнцыя, прысвечаная досведу гвалту ў беларускім і суседніх грамадствах. На яе мы атрымалі прапановы і ад украінскіх калег. І ў сітуацыі, калі беларускія ўлады спрычыныліся да расійскай агрэсіі супраць Украіны, — гэта вельмі каштоўны момант.

Акрамя таго, Форум падтрымаў Кангрэс даследчыкаў Беларусі (сёлета ў верасні ён упершыню адбыўся ў Берліне) і працу групы па рэформах адукацыі пры Офісе Святланы Ціханоўскай:

— На нашу думку, свабода даследвання і выкладання — вельмі важны чыннік для будучыні дэмакратычнай Беларусі, — падкрэслівае Алеся Белановіч-Петц.

— Канешне, спыненне фінансавання — пра яго мы даведаліся з ліста МЗС Германіі — гэта вельмі кепскі сігнал і для беларускай дэмакратычнай супольнасці, якая знаходзіцца ў дадзены момант у стане выжывання, і для нямецкага грамадства, якое вельмі мала ведае пра Беларусь. Напрыканцы года мы ўжо завяршаем працу.

Але ж у дадзеных варунках падтрымка грамадзянскай супольнасці Беларусі з боку Германіі не проста вельмі патрэбная — яна неабходная для захавання Беларусі як краіны.

Інакш мы будзем мець негатыўныя наступствы: пра Беларусь будуць ведаць яшчэ менш, яна ўвогуле будзе знікаць з ментальнай мапы еўрапейскага грамадства.

Зараз, у 2025 годзе, Беларусь не проста стаіць у ценю спадкаемніцы Савецкага Саюза — Расіі. Але і праз палітыку Лукашэнкі знаходзіцца пад вельмі моцным уплывам Крамля, расійскіх наратываў.

І калі галасы незалежнай супольнасці даследчыкаў, акадэмікаў, гісторыкаў не будуць пачутыя — гэта азначае, што прастору зоймуць расійскія наратывы. Што вельмі небяспечна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(7)