Але, здаецца, што варыянт, калі рускія войскі даходзяць, скажам, да Львова ці да мяжы з Польшчай, не будзе прымальным для ЗША і яны будуць дзейнічаць, каб гэта прадухіліць.
Дракахруст: «Чырвонай лініяй адносна Беларусі можа стаць прамая анексія»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст у каментары Філіну — пра тое, ці зменяцца адносіны да нашай краіны з прыняццем новай Стратэгіі ЗША.
Згодна з асноўнымі прынцыпамі ўнутранай і знешняй палітыкі ЗША на бліжэйшыя гады, акрэсленымі ў новай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі, Злучаныя Штаты абвяшчаюць сябе лідарам у эканоміцы, вайсковай сферы, тэхналогіях, а таксама галоўнай сілай у заходнім паўшар'і і на Блізкім Усходзе.
Таксама Вашынгтон збіраецца ўплываць на стасункі паміж Еўропай і Расіяй, а адным з галоўных інтарэсаў лічыць як мага больш хуткае спыненне баявых дзеянняў ва Украіне.
Наша краіна між тым у дакуменце не згадваецца. Ці дрэнны гэта знак, «Філін» спытаў у палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Юрыя Дракахруста.
— Справа ў тым, што гэта Дактрына тычыцца стратэгічных накірункаў палітыкі Злучаных Штатаў. І акрамя Беларусі там не згадваецца пераважная большасць краін свету.
Фактычна ў ёй гаворыцца пра Еўразвяз, Кітай, Расію, Украіну, але, па сутнасці, у сувязі з Расіяй. Іншых краін няма. Гэта не прыніжэнне Беларусі, а проста ў стратэгічных каардынатах Беларусь не з’яўляецца такой ужо важнай краінай.
Што тычыцца самога стратэгічнага накірунку, то, у пэўным сэнсе, гэта фармуляванне той палітыкі, якую мы бачым на працягу гэтага года з моманту прыхода Трампа да ўлады.
Такі класічны realpolitik: прагматызм, незаўважанне ўнутраных праблем тых ці іншых краін — партнёраў і нават ворагаў. Пытанне ўнутранай пабудовы гэтых краін не проста выносіцца за дужкі, а не мае значэння.
Многія пішуць, і там прама гаворыцца пра пераемнасць з так званай дактрынай Манро, якая была абвешчана яшчэ ў 30-я гады XIX ст. Яе сутнасць у тым, што Злучаныя Штаты акцэнтуюць сваю ўвагу на Лацінскай Амерыцы, на Амерыканскім кантыненце і супрацьдзейнічаюць любым спробам навязаць краінам гэтага рэгіёну нейкія палітычныя адносіны з іншымі рэгіёнамі, у першую чаргу, з Еўропай.
Адпаведна там быў і дадатак пра тое, што, у сваю чаргу, ЗША не ўмешваюцца ў звады, свары Еўропы.
— Але ці можна сказаць, што зараз Трамп прытрымліваецца такой палітыкі неўмяшальніцтва?
— Прынамсі як ён гэта падае, але гэта не толькі пахвальба, ён заключае міры. Напрыклад, на Блізкім Усходзе. Сказаць, што ён менавіта ўмешваецца, не магу. Ён уплывае на працэсы, тымі ж тарыфамі. Але гэта не ўмяшальніцтва ў канфлікты паміж краінамі.
Зрэшты вайну Расіі з Украінай ён сапраўды прыняў у спадчыну ад пераемніка. І ў Дактрыне між радкоў чытаецца, што, сыходзячы са стратэгічных інтарэсаў Злучаных Штатаў, трэба, каб гэтая вайна была скончана практычна на любых умовах.
Яны не маюць значэння. Няма ўдакладненняў, што вось за гэта мы будзем стаяць сцяной ці кінем на гэта ўсе рэсурсы.
А вось дзесьці там, умоўна кажучы, аднесці мяжу на сто кіламетраў туды ці сюды па лініі судакранання, ці па лініі межаў Данецкай ці Луганскай вобласці не мае значэння для Злучаных Штатаў па гэтай Дактрыне.
Пасля ўсё роўна Украіна і ўся гэта праблематыка перадаецца Еўропе — займайцеся, вырашайце, гэта ваша праблема, а мы будзем сядзець за нашым акіянам.
— То-бок Украіну бачаць ці ў складзе, ці хаця б побач з Еўропай. А пра Беларусь не згадваецца. Можа яна ўспрымаецца як тыя ж Данецк з Луганскам: сто кіламетраў туды ці сюды — не важна, што там адыдзе да Расіі?
— Не думаю. У амерыканскай гісторыі была сітуацыя, калі ў 1950 годзе тагачасная адміністрацыя Трумэна прыняла дактрынальны дакумент, у якім даволі дакладна правяла лінію бяспекі па канкрэтных геаграфічных кропках, якія Злучаныя Штаты браліся абараняць.
Там была Японія, яшчэ нейкія месцы, але там не было Паўднёвай Карэі. Лічылася, што гэта не вельмі важная праблема. Але літаральна праз некалькі месяцаў Кім Ір Сэн, дзядуля цяперашняга Кіма, пачаў наступ на Паўднёвую Карэю.
І нібыта Злучаныя Штаты павінны былі сказаць, маўляў, па нашай Дактрыне гэта не наша праблема. Але палітычны расклад склаўся такім чынам, што аказалася, што гэта іх праблема. Яны паставілі пытанне ў ААН і пачалі не проста дапамагаць зброяй, а ваяваць.
І гэта была вельмі жорсткая вайна, там загінулі дзясяткі тысяч амерыканцаў. То-бок быў такі сюжэт, калі прымаліся нейкія дактрынальныя палажэнні, а потым жыццё неяк іх пераглядала, прычым падчас праўлення таго ж самага прэзідэнта.
У гэтым сэнсе, мяркую, чырвонай лініяй адносна Беларусі можа стаць прамая анексія. Калі Пуцін проста дашле свае войскі і паставіць расійскі сцяг у Бярэсце, у яго будуць праблемы.
Гэта не значыць, што ЗША ўвядуць войскі, але зменам геаграфіі цяперашнія Злучаныя Штаты нават з гэтай Дактрынай будуць супрацьдзейнічаць.
А вось калі казаць пра «мяккую анексію», якая зараз адбываецца, супраць гэтага вялікіх пярэчанняў не будзе. Бо і самі ЗША недзе ўмацоўваюць свой уплыў, і Кітай, і іншыя краіны.
І ўсё ж нейкія крокі для прадухілення нават гэтага амерыканцы, на іх погляд, робяць цяпер, калі «гуляюцца» з Лукашэнкам з разлікам на тое, што гэтыя «гульні», акрамя ўсяго іншага, дадуць яму крышачку больш прасторы для геапалітычнага манеўру, прынамсі за кошт пашырэння гандлю, калі атрымаецца зняць санкцыі.
Ці азначае гэта, што пры пашырэнні гандлю з Еўропай у Беларусі заквітнее дэмакратыя? Не, у пэўным сэнсе, гэта, наадварот, умацоўвае Лукашэнку. Але Трампа гэта абсалютна не цікавіць.
Цалкам адносіны да Беларусі такія, якімі былі і раней, і да Трампа, да таго ж не толькі ЗША, але і Еўропы — у гэтым сэнсе нейкіх кардынальных зменаў не бачу, яны такія, якія былі заўсёды адносна пераважнай часткі несвабодных краін.
Выключэнні могуць быць, адно з іх мы назіраем — гэта моцны ціск на Венесуэлу. Здаецца, адносна гэтай краіны ЗША не ўсё роўна, якія там былі выбары, якая там палітыка.
Гэта выключэнне будуецца на тым, што дзеянні Мадуры пагражаюць міжнароднай бяспецы і канкрэтна бяспецы Злучаных Штатаў, наркатрафік і г. д.
А Лукашэнка ж не ладзіць канал продажу наркотыкаў у Амерыку.
— То-бок ніякіх змен у адносінах да Беларусі чакаць не варта. І нават асабістыя адносіны Лукашэнкі з Трампам, якія склаліся апошнім часам, ніяк не паўплываюць?
— Агульны накірунак задае Дактрына: гэта ў прынцыпе не наша справа. Але ж, думаю, што трэк перамоў з намаганнямі вызвалення палітвязняў будзе працягвацца.
Гэта частка больш складанай схемы, у якую ўключана і пэўная роля Лукашэнкі па дасягненні міру ва Украіне: вызваленне палітвязняў — гэта звязаныя рэчы.
Таксама там ёсць і кампанент, пра які казаў, — павелічэнне пэўнай аўтаномнасці Беларусі і Лукашэнкі ад Крамля. Каб усё ж такі ён не з’ехаў на ўзровень «ДНР» і «ЛНР».
Усё ж такі ў «ДНР» Трамп не тэлефануе і не называе нікога «паважаны спадар прэзідэнт» і запанкі не дорыць. Так што не на адным узроўні яны ўспрымаюцца.
Читайте еще
Избранное