Беларус сустрэўся з Зяленскім: «Падзякаваў яму за словы «Жыве Беларусь!» у навагоднім звароце»
Кіраўнік дабрачыннага фонда «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч быў запрошаны на сустрэчу з прэзідэнтам Украіны у ягоным Офісе ў Кіеве.
Гэта ўжо другое мерапрыемства, на якім прадстаўнікі арганізацыі сустракаліся з Уладзімірам Зяленскім, першае адбылося ў снежні 2024-га.
Напярэдадні, 21 мая Аляксей Францкевіч атрымаў узнагароду ад прэзідэнта «За абарону Украіны».

22 мая на сустрэчы нацыянальных грамад і меншасцяў з прэзідэнтам Украіны беларусу далі слова.
— Гэта было нечакана, бо на мерапрыемстве была вялікая колькасць прадстаўнікоў розных грамад, — распавёў «Салідарнасці» Аляксей Францкевіч. — Мадэратар звярнуўся да мяне. Найперш я падзякаваў Зяленскаму за запрашэнне, а таксама за словы «Жыве Беларусь!» у навагоднім звароце. Прэзідэнт Украіны усміхнуўся і спытаў, як там цяпер справы ў Беларусі. Адказаў: «Працуем».
У сваёй прамове я казаў пра тое, што сёння беларусы плячо да пляча разам з украінцамі стаяць на абароне ўсяго цывілізаванага свету ад расійскай агрэсіі. Распавёў пра праблему, звязаную з тым, што няма прававога механізму для атрымання звання «Герой Украіны» легіянерам, якія геройскі загінулі на вайне.
У прыклад прывёў загінулага беларускага добраахвотніка Дзмітрыя Рубашэўскага. Фонд «Вільна Білорусь» сабраў 25 тысяч подпісаў, каб яму прысвоілі званне «Героя Украіны», і накіраваў адпаведны зварот, які знаходзіцца на разглядзе Офіса прэзідэнта.
Сказаў, што яго жонка і дачка — украінкі, для іх гэта вельмі важна. Большасць нашых герояў з жонкамі пазнаёміла вайна. Зяленскі параіўся з памочнікамі па гэтым пытанні і прапанаваў звязвацца з імі наўпрост.
Таксама я распавёў пра беларусаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне. Зяленскі прапанаваў перадаць іх прозвішчы ў Офіс прэзідэнта.
Аляксей Францкевіч агучыў пытанне прававога статусу беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер абараняюць Украіну і ў якіх хутка сканчваюцца беларускія пашпарты. Яму далі кантакты асобаў у Офісе, якія дапамогуць вырашыць гэтыя пытанні.
У рамках сустрэчы было ўзнятае пытанне пра тое, што замежнікі (гэта тычыцца не толькі беларусаў) не могуць доўгі час атрымаць украінскае грамадзянства. Адказалі, што будзе распрацаваны механізм і вырашаць гэтае пытанне.
— Што варта адзначыць, падчас сустрэчы з намі ў Зяленскага быў важны званок, ён выйшаў на нейкі час і вярнуўся, то бок сустрэча не спынілася, і камунікацыя адбылася, — адзначае Аляксей. — Падчас сустрэчы прыемна ўразіла жаданне адстойваць інтарэсы кожнага ўкраінца з боку Уладзіміра Зяленскага.
З усмешкай Аляксей кажа, што руку Зяленскаму не паціснуў, як і іншыя ўдзельнікі сустрэчы. Зрабіць фота на тэлефон таксама было немагчыма, бо мабільнікі, гадзіннікі і нават асадкі давялося пакінуць пасля праходжання блокпастоў у Офіс прэзідэнта.
Уладзіміру Зяленскаму перададуць каляндар з партрэтамі загінулых беларускіх герояў, які быў выдадзены фондам «Вільна Білорусь».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное