Общество

Абвешчаны збор на пахаванне акцёра Андрэя Бардухаева-Арла

Сума збору складае €2000.

Андрэй Бардухаеў-Арол

Паводле Алесі, жонкі Андрэя Бардухаева-Арла, які памёр 5 ліпеня, агульныя выдаткі на пахаванне мужа склалі каля €5000 — з улікам крэмацыі, пахавання, месца ў калумбарыі, транспарту, кветак і памінальнага абеду.

— Частку гэтай сумы мы змаглі пакрыць самі і дзякуючы дапамозе сяброў. Цяпер не хапае прыкладна €2000, каб цалкам закрыць усе выдаткі.

Андрэй быў акцёрам, актывістам, чалавекам, які ўсё сваё жыццё жыў не толькі для сябе.

Многія ведалі яго па ролях у тэатры. Хтосьці — па ролях у кіно. А хтосьці ведае яго голас.

Андрэй агучваў незалежныя навіны, супрацоўнічаў з «Флагштокам» і быў голасам «Альянсу раследвальнікаў Беларусі». Ён змагаўся з рэжымам, казаў праўду, удзельнічаў у жыцці беларускай супольнасці і дапамагаў тым, каму было цяжэй.

За праўду, якую ён казаў, ягоныя асабістыя каналы не раз прызнаваліся экстрэмісцкімі.

Ён прайшоў праз эміграцыю і цяжкую хваробу, але ніколі не пераставаў быць побач з іншымі.

Ён ніколі не прасіў дапамогі для сябе. «Камусьці патрэбней», — паўтараў ён, нават калі было зусім дрэнна. Да канца верыў, што выжыве. Працаваў, пакуль мог, нават з кропельніцай. Нікому не казаў, наколькі яму цяжка.

Андрэй пайшоў 5 ліпеня.

Хаваць роднага чалавека — гэта адна з самых цяжкіх рэчаў, што можа здарыцца. А калі ты робіш гэта ў іншай краіне, дзе ўсё зроблена інакш, становіцца ў тысячу разоў складаней.

Пасля смерці Андрэя сябры адкрылі збор. Атрымалася сабраць каля €2800.

— Гэта вялізная падтрымка. Я дзякую кожнаму, хто быў побач. Ад усёй душы.

Цяпер засталася частка, якую мы не можам закрыць самастойна — а гэта каля €2000. Таму і прашу аб дапамозе.

Падтрымаць збор, калі для вас гэта бяспечна, можна тут.