81‑гадовую маці аўтарытэта Скітова з «Бабулінай крынкі» кінулі ў СІЗА КДБ, каб ён нарэшце загаварыў
Былы палітвязень Сяргей Паўлавіцкі сядзеў у СІЗА КДБ разам з адным з самых незвычайных сядзельцаў апошняга часу — выхадцам з крымінальнага асяроддзя, а потым высокапастаўленым менеджарам дзяржпрадпрыемстваў Генадзем Скітовым, піша Наша Ніва.
Па адной справе з ім праходзіць экс-памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло. Дзякуючы гэтаму мы можам расказаць многія захапляльныя падрабязнасці гучнай «малочнай справы».
У лістападзе 2023‑га рэйды КДБ прайшлі на шэрагу малочных заводаў. Як высветлілася неўзабаве, галоўнай цэллю стаў кіраўнік «Бабушкінай крынкі» Генадзь Скітоў, а таксама набліжаныя да яго кіраўнікі іншых дзяржаўных заводаў і сваякі на менеджарскіх пасадах.
КДБ і Лукашэнка раптам успомнілі пра крымінальнае мінулае Скітова — чалавека, якога прызначалі рашэннямі Лукашэнкі пасля праверак і ўзгаднення КДБ, — і сталі маляваць яго разбэшчвальнікам дзяржаўнай вертыкалі, хабарнікам, які карумпаваў нават памочніка Лукашэнкі па Віцебскай вобласці, экс-міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло.
Брыло таксама затрымалі, ён рассыпаўся ў паказаннях. А вось Скітоў — не.
Прысуду па справе ўсё яшчэ няма, хоць на дварэ ўжо 2026 год. Гэта абумоўлена бескампраміснай пазіцыяй Скітова, які адмаўляўся ад паказанняў настолькі ўпарта, што гэтая гісторыя цвёрдасці ў Барысаве — на малой радзіме Скітова, — стала абрастаць легендамі.
Суд па справе ўжо ідзе, але падрабязнасцяў вядома пакуль што мала. Толькі тое, што Брыло «прызнаў, успомніў, прыдумаў атрыманых хабараў на $2 мільёны».
Але мы можам меркаваць пра пазіцыю галоўнага абвінавачанага па новых сведчаннях тых, хто вызваляецца з лукашэнкаўскіх турмаў.
«Наша Ніва» пагаварыла з былым сукамернікам Скітова па СІЗА КДБ Сяргеем Паўлавіцкім. Яны разам прасядзелі некалькі месяцаў у пачатку 2024 года. Якраз у час актыўнай раскруткі Скітова на паказанні.
Па словах Паўлавіцкага, нават па стаўленні кантралёраў да насельнікаў камеры адчувалася, што Скітоў уяўляе праблему для следства, бо не ідзе на супрацоўніцтва і адмаўляецца прызнаваць усё, што яму прапануецца.
«Скітоў лічыў, што першапрычынай ягоных праблем стала адмова пакінуць «Бабуліну крынку» ў канцы 2021-га, калі замест губернатара Леаніда Зайца ў Магілёў прызначылі Анатоля Ісачанку.
У лукашэнкаўскай сістэме ёсць нефармальная завядзёнка, што калі прыходзіць новы губернатар, кіраўнікі найбольшых прадпрыемстваў рэгіёна ідуць разам са старым, каб новы мог прызначыць на камандныя вышыні кагосьці са сваёй каманды.
А Скітоў сцвярджае, што ўпёрся: маўляў, не ўблытвайце мяне ў апаратныя гульні, я яшчэ не да канца рэалізаваў свае ідэі на прадпрыемстве, ёсць яшчэ патэнцыял.
І вось гэта пазіцыя, ён лічыць, пагоршыла адносіны з новым губернатарам і адкрыла магчымасць для яго распрацоўкі ў прынцыпе. А арышт Брыло — гэта ўжо наступствы», — сказаў наш суразмоўца.
Самі схемы, у якіх абвінавачваюць Скітова, ён лічыў справай распаўсюджанай, для якой ёсць простае тлумачэнне.
«У гэтай сістэме, казаў нам Скітоў, не цэняць належным чынам дасягненняў менеджараў і не стымулююць іх. Генадзь Віктаравіч прыводзіў абстрактныя прыклады, што вось уяві, некага ставяць на кепскае прадпрыемства, той чалавек збірае каманду, і разам яны выходзяць на нейкі новы ўзровень прыбытковасці. І тут сітуацыя: няма як легальна заахвоціць членаў каманды за тое, што дасягнулі вынікаў, па-беламу ім шмат не заплаціш».
Скітоў лічыў, што ў выплаце фінансавых бонусаў топ-менеджменту праз шэрыя схемы нічога кепскага няма: гэта матывуе прафесіяналаў заставацца на сваіх месцах, а не звальняцца і тым самым аслабляць прадпрыемства.
Скітоў сцвярджаў, што ў лукашэнкаўскай сістэме так робіцца паўсюль. І што саджаць ці не саджаць — гэта не пытанне таго, выяўленая такая схема ці не.
Сябе Скітоў адносіў да вузкай групы найлепшых менеджараў краіны, здольных вырашаць нетрывіяльныя задачы.
«Скітоў расказваў камічныя гісторыі, як неяк прыйшоў на работу на нейкі дзяржзавод з вялікай — сотні тысяч даляраў — дэбіторскай запазычанасцю ад фірмы ў Казахстане. Прадукцыю на рэалізацыю ўзялі, а грошай не аддаюць.
Сам паляцеў туды на разборкі, а казахі яму кажуць: «Хочаш грошы? А давай, Гена, у нарды згуляем з табой…». Ну а ён сеў і абыграў. І тыя адразу ўсё, як сумленныя гульцы, выплацілі.
Або як в’етнамцы на МАЗе хацелі яго кінуць: перасталі плаціць, але праз МЗС пачалі скардзіцца ў адміністрацыю Лукашэнкі, што гэта МАЗ зацягвае і не выконвае кантракта, «пра які мы з вамі, таварыш прэзідэнт, дамовіліся». Ну і, адпаведна, ім на МАЗ прылятае за невыкананне прэзідэнцкага даручэння. А Скітоў там цэлай камбінацыяй вяртаў праўду», — расказвае яго аднакамернік.
Скітоў расказваў сукамернікам таксама, як аднойчы «ўцёк ад крымінальнай справы — адседжваўся пару месяцаў у Кітаі, пакуль усё не ўляглося», — працягвае сукамернік.
Суразмоўцы «Нашай Нівы» з беларускіх бізнэс-колаў не так высока ацэньваюць яго здольнасці, як ён сам. «Да чаго Скітоў ні дакранаўся — усё сыпалася», — сказаў адзін з бізнэсменаў.
Ад Сяргея Паўлавіцкага стала вядома таксама, што для аказання ціску на Скітова следства выкарыстала брудныя прыёмы.
У суседнія камеры са Скітовым у «амерыканцы» закінулі маці дырэктара, ягонага сына ад першага шлюбу, а таксама роднага брата.
81‑гадовая мама Скітова сядзела літаральна за сценкай ад Генадзя, прычым старую жанчыну прымусілі спаць на падлозе ў перапоўненай камеры.
«Пакуль маці не пасадзілі, Скітоў увогуле са следчымі не размаўляў, — расказвае яго аднакамернік. — А калі яе ў такія ўмовы змясцілі, калі Брыло пачаў гаварыць… Гэта словы Скітова, што «калі б не маці… стаў бы я б з гэтымі ўвогуле размаўляць».
Што да Брыло, то Скітоў гідзіўся яго нават па імені называць. У рамках поглядаў Скітова даваць на кагосьці паказанні недапушчальна, але калі чалавек цябе першы здаў, то з гэтага моманту ты маеш маральнае права адказаць яму больш-менш тым жа. То-бок супраць Брыло ён сведчыў таксама і без асаблівых згрызотаў сумлення.
Сына Скітова выпусцілі летам 2024‑га па стане здароўя. У яго моцная траўма пасля аварыі, пласціна ў чэрапе, з нагамі праблема. Ён крайне цяжка пераносіў зняволенне.
Скітоў сцвярджаў, што ягонаму сыну дакладна няма чаго выстаўляць і што яго проста трымаюць у закладніках з той жа мэтай, што і маці — для аказання ціску.
Не сказаць, дарэчы, што і самому Скітову там было проста фізічна. Ён апынуўся ў СІЗА КДБ неўзабаве пасля таго, як ледзь не загінуў у Кітаі напярэдадні — паехаў у камандзіроўку пасля аперацыі на страўніку і адкрыўся крывацёк. Кітайскія медыкі яго выратавалі, у Беларусі Скітоў меўся прайсці курс рэабілітацыі, але яго затрымалі.
Яго аднакамернік расказаў і адзін даволі асабісты момант. Скітоў рабіў акцэнт на тым, што ягоны бацька — габрэй, а маці па паходжанні — паморка. Паморы — гэта этнічная група ў Архангельскай вобласці.
Скітоў ганарыўся, што ў яго жылах з абодвух бакоў цячэ кроў людзей, якія не зазналі прыгоннага права, не скарыліся ні перад уладамі, ні перад прыродай. І гэты светапогляд, накладзены на блатныя паняцці і прынцыпы, на думку сукамерніка, і даваў яму такую ўпэўненасць у сабе, цвёрдасць духу за кратамі.
Ён упэўнены ў сабе чалавек і верыць у сваю ўдачу. «Удача любіць падрыхтаваных» — адно з яго ўлюблёных выказванняў.
Пра сваё крымінальнае мінулае Скітоў расказваў без захаплення. Казаў, што некалі сядзеў на Валадарцы, што ўсё было тады па-іншаму, у агульных рысах. Скітоў, са словаў аднакамерніка, вельмі злаваў, калі яму намякалі на тое, што быў бухгалтарам у «Барысаўскіх».
Кажа, не было такога, казкі сівыя.
«Адзін сукамернік неяк прыйшоў з допыту і кажа, што «О, Генадзь Віктаравіч, а вы мафіёзі, аказваецца! Мне следчы расказаў, што ўвесь Барысаў уздыхнуў спакойна, калі вас затрымалі». Скітоў тады сядаў на каня: «Ведаю я, хто гэтае гаўно на вентылятар кідае, хто чуткі розныя пра мяне распускае». Імя, праўда, не называў», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».
Маці Скітова правяла ў СІЗА КДБ некалькі месяцаў і вярнулася назад у свой дом на ўскрайку Барысава, дзе жыве адна.
«Як маці выйшла на свабоду, то ў нас штотыдзень у камеры пачаў з’яўляцца смажаны парсюк. Адмыслова яго маці набывала там у кагосьці, смажыла сама і нам дасылала.
Парсючок звычайна трымаўся два дні, пасля гэтага ўся рэшта, добра калі там грамаў 300, а не паўкіло, ішла ў смецце. Бо не паспявалі з’ядаць.
Яму прыходзіла самае рознае: сябры з мясакамбіната, з «Белрыбы», з МАЗа, з «Бабулінай крынкі» — усе нешта слалі. У СІЗА КДБ на перадачы гістарычна глядзяць больш ліберальна, чым у іншых месцах.
Лісты яму пісалі ў асноўным сваякі. У яго два шлюбы. Сын ад першага — гэта той, які ў суседняй камеры быў, і два сыны ад другога — на той момант адзін быў у 11 класе, другі ў 9-м.
А маці, калі выйшла з СІЗА, таксама часам смешныя рэчы пісала. Ён паказваў, як яна настаўляе сына: «Геначка, ты са сваім страўнікам абавязкова еж супы! Я ведаю — яны там смачныя».
У адказ Генадзь пісаў, колькі разоў прысядае на шпацырах, што намагаецца трымаць форму, хутка ходзіць на прагулках, практыкаванні для прэса робіць.
Практыкаванням на прэс, дарэчы, яго навучыў украінскі дыверсант Мікалай Швец.
Швец таксама сядзеў у іх зорнай камеры. Ніякай асаблівай рэакцыі на яго не было. Так, ён адразу сказаў, што «я той самы, які…». «Ну падарваў і падарваў. Вайна ёсць вайна», — так апісвае рэакцыю на Швяца сукамернік. Мікола калі-нікалі пускаўся ў разважанні, расказваў пра свой хутар пад Кіевам.
Швец то быў проста па характары шчыры чалавек, а былі і такія, якія ніякіх расійскіх самалётаў не падрывалі, але ў камеры пачыналі: «так маскалям і трэба», «трэба іх гэтак». Скітоў бачыў у гэтым правакацыю, лічыў, што гэта яго спрабуюць на нешта справакаваць.
Бо існуе такая практыка цяпер, калі некага з чыноўнікаў арыштоўваюць за карупцыю, а ў працэсе следства ён пачынае выказваць нейкія погляды і зарабляе сабе яшчэ і дзяржаўную здраду ў працэсе. І ў калонію ўжо едзе як «экстрэміст», а карупцыя можа і адпасці. Таму тут ён быў вельмі асцярожны.
Скітоў выказваў думку, што калі Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну, то да гэтага краіна не гатовая.
Ён з паблажлівай ухмылкай ставіўся да навін пра тэрытарыяльную абарону. Калі пузатых дзядзек выводзілі і расказвалі, што вось гэта наша надзейнае апірышча, ён скаліўся.
Сам ён з задавальненнем расказваў, як ён паставіў сістэму мабілізацыйнай падрыхтоўкі ў сябе на «Бабулінай крынцы». Што яны абавязкова адпрацоўвалі паветраную трывогу.
Як ён там ахову прадпрыемства наладжваў, каб сапраўды ніякія дыверсанты не пралезлі, калі што. У яго там былі хімічныя рэчывы ў цыстэрнах, аміяк можа які. І калі там выбухне… ён лічыў, што дыверсанты могуць разглядаць завод як цэль.
«Калі Швец выехаў, то ў нашу камеру заехаў спецназавец-аналітык Васілец, які казаў, што вось я б туды пралез да вас з выбухоўкай, а Скітоў яму адказваў, што, можа, куды-небудзь ты і пралез бы, а на мой завод — не, бо там усе трэніраваныя.
Што можа сведчыць пра сапраўднае стаўленне Скітова да вайны, то гэта апошні дзень Швяца ў нашай камеры. Яму кажуць: «Ну ўсё, давай, збірайся».
Мы збіраем яму торбы. Віктаравіч сваімі рукамі яму насыпае: «Вось табе каўбасы, вось табе цыбулі, вось табе сала». Бо мы не ведаем, куды яго, такога не кажуць, напэўна — у іншую камеру. А потым аказалася, што яго мянялі.
Ну дык Скітоў яму ссабойку гэтую ўручае і кажа: «Мікола, ты ж толькі нашы самалёты больш не ўзрывай», — узгадвае Паўлавіцкі.
У размовах на ўнутрыбеларускія тэмы Скітоў троху ўдзельнічаў, бо тут ён пазіцыю меў.
«Ён пагаджаўся з тым, што сістэма неэфектыўная, але, — лічыў ён, — без «Бацькі», як ён называў Лукашэнку, яна разваліцца. Маўляў, вось на Лукашэнку ўсё трымаецца, а калі яго прыбраць, то стане горш».
Сукамернік зразумеў, што Скітоў цэніць у Лукашэнку тыя ж самыя якасці, якія цэніць у сабе: уменне выкручвацца, выходзіць з небяспечных сітуацый, трымацца на хлебным месцы.
«А ведаеш, дзе ў 2020‑м пашылі самы вялікі чырвона-зялёны сцяг? — хваліўся ён. — На «Бабулінай крынцы»! Выйдзеш — правер у інтэрнэце. І потым неслі на дэманстрацыі».
«А ведаеш, хто ўладу ўтрымаў у Магілёве ў 2020 годзе?» — мог раздухарыцца Скітоў. Маўляў, гэта ён прыехаў у Магілёўскі гарвыканкам з патрабаваннем склікаць мітынг за Лукашэнку. І па ўласнай ініцыятыве адправіў чатыры аўтобусы сваіх супрацоўнікаў 16 жніўня ў Мінск.
Які прагноз адносна свайго лёсу даваў Скітоў?
«На той момант, калі я яго пакідаў, ён усё яшчэ стаяў перад дылемай: «Альбо ты зараз прызнаеш усё і едзеш на 9 [гадоў], альбо ты не прызнаеш і стаіш на тым, што вось гэта браў, а вось гэтага не браў, і едзеш на 12».
І ён хутчэй схіляўся да другога варыянту. Хоць дапускаў, што не перажыве калонію.
«Я яго нават спрабаваў падбадзёрваць: «Віктаравіч, можа амністыя?» — «Мне наўрад ці дадуць», — успамінае сукамернік.
«Але калі, казаў, мне дадуць калгас, буду ўдзячны. Буду шчыра ўдзячны, пастаўлю калгас на ногі і яшчэ раз пераканаю, што Скітоў належыць да топа менеджараў у Беларусі і што такія таленты нельга закопваць у зямлю».
А калі не выгарыць з калгасам, то, ў яго ёсць ідэя заняцца пахавальным бізнэсам, крэматорыямі.
Думкі пра эміграцыю Скітоў не дапускае.
Ён кажа: «Разумею, як бізнэс весці толькі ў трох краінах: вось ва Украіне, Расіі, Беларусі. Кажа, я вось нават у Сярэднюю Азію ездзіў, у Казахстан — не разумею. Я там магу з імі перамовы весці, магу тавар прасоўваць, маркетынгам займацца, але ўсё адно я не адчуваю сябе ў сваёй талерцы. Толькі Украіна, Расія, Беларусь. Вось тут я выдатна разумею чалавека, разумею, што чалавеку трэба — чалавеку багацейшаму, чалавеку бяднейшаму. І тут я на сваім месцы».
Читайте еще
Избранное